Міністр абароны ЗША Піт Хегсет заявіў, што Вашынгтон аддае перавагу дыпламатычнаму вырашэнню канфлікту з Іранам, але гатовы вярнуцца да ваенных дзеянняў, калі гэта спатрэбіцца. Пра гэта палітык сказаў на міжнародным форуме Shangri-La Dialogue у Сінгапуры:
— Прэзідэнт сказаў, што гэта будзе выдатная здзелка, а калі Іран не пагодзіцца на пагадненне, якое гарантуе, што ў яго не будзе ядзернай зброі, тады Тэгерану давядзецца гаварыць з Міністэрствам вайны. Мы ставімся да гэтага сур’ёзна, гатовыя аднавіць дзеянні, калі ўзнікне такая неабходнасць.
Паводле Піта Хегсета, амерыканскія запасы ўзбраенняў на Блізкім Усходзе і ў іншых рэгіёнах свету дазваляюць ЗША дзейнічаць у выпадку эскалацыі, а Вашынгтон лічыць сваім абавязкам не дапусціць з’яўлення ў Ірана ядзернай зброі.
Тым часам агенцтва Reuters са спасылкай на высокапастаўленую крыніцу ў Тэгеране паведамляе, што Іран і ЗША нібыта дасягнулі палітычнага паразумення. Аднак пытанні ядзернага паліва і ядзернай зброі ў яго пакуль не ўключаныя.
iar/эж