Вялікабрытанія рыхтуецца да кульмінацыі хвалі экстрэмальнай спякоты. Метэаралагічнае бюро папярэджвае, што 26 чэрвеня можа быць пабіты чэрвеньскі тэмпературны рэкорд.
У Лондане і некаторых частках паўднёва-ўсходняй і ўсходняй Англіі да 21:00 дзейнічае чырвоны — найвышэйшы ўзровень папярэджання, які сведчыць аб рызыцы для здароўя і жыцця.
Гэта першы выпадак у гісторыі брытанскай сістэмы папярэджання аб надворʼі, калі чырвоны ўзровень трывогі дзейнічае тры дні запар. На практыцы гэта азначае, што не толькі працяглае знаходжанне на сонцы, але і паездкі на працу ці паездкі цягніком могуць быць небяспечнымі.
Учора ў Сомэрсэце было зафіксавана 36,7 градуса Цэльсія — самая высокая тэмпература чэрвеня за ўсю гісторыю назіранняў. Сіноптыкі прагназуюць, што сёння можа быць пабіты яшчэ адзін рэкорд.
Спёка моцна ўплывае на паўсядзённае жыццё астраўлян: некаторыя школы застаюцца зачыненымі або маюць скарочаныя заняткі, а шпіталі працуюць у надзвычай цяжкіх умовах. Газоны выпаленыя, зямля цвёрдая і сухая, а пажарная служба атрымлівае рэкордную колькасць выклікаў з-за пажараў травы і перагрэву збудаванняў. У Кенце застаюцца ў сіле абмежаванні на выкарыстанне садовых шлангаў — жыхары не могуць паліваць свае сады, мыць машыны або напаўняць басейны.
Чакаецца, што пятніца стане апошнім днём спякоты. Цягам выходных тэмпература крыху панізіцца, а ў некаторых раёнах пройдзе дождж. Аднак сіноптыкі папярэджваюць, што надворʼе можа рэзка змяніцца — пасля некалькіх дзён экстрэмальнай спякоты магчымыя навальніцы і моцныя дажджы.
ПР/юл