Фінляндыя завяршыла будаўніцтва 200-кіламетровага плота на асобных участках мяжы з Расіяй. Агароджа прызначаная для таго, каб Масква не магла арганізаваць наплыву нелегальных мігрантаў для дэстабілізацыі краіны.
Міністр унутраных спраў Фінляндыі Мары Рантанен, наведваючы ўсходнюю мяжу краіны, заявіла, што гэты абʼект зʼяўляецца канкрэтным прыкладам таго, што яе краіна ўжо дзейнічае ў хутка зменлівым асяроддзі бяспекі.
— Вайна, распачатая Расіяй ва Украіне, а таксама розныя гібрыдныя аперацыі паказалі, што асяроддзе бяспекі ў Еўропе сапраўды змянілася, — адзначыла яна.
Металічны барʼер на мяжы з Расіяй мае вышыню ў некалькі метраў і ўвянчаны калючым дротам. Ён таксама абсталяваны камерамі і датчыкамі.
Фінскія ўлады пакуль што плануюйьі такім чынам агарадзіць прыблізна пятнаццаць працэнтаў даўжыні мяжы. Барʼер быў пабудаваны ў асноўным паблізу пастоў аховы і ўздоўж найбольш загружаных транспартных шляхоў.
— Барʼер — гэта не проста сімвалічная канструкцыя. Гэта практычны і важны элемент фінскай сістэмы аховы мяжы і канкрэтная інвестыцыя ў бяспеку Фінляндыі і ўсёй Еўропы, — дадала міністр унутраных спраў.
Мары Рантанен не выключыла далейшага пашырэння плота. На яе думку, краінам усходняга Еўрапейскага Саюзу патрэбныя дадатковыя сродкі ЕС для фінансавання такіх праектаў.
Фінляндыя закрыла сваю мяжу з Расіяй у снежні 2023 года пасля рэзкага павелічэння колькасці мігрантаў з трэціх краін, якія прыбываюць з Расіі. Тады Хельсінкі абвінаваціў Маскву ў выкарыстанні міграцыі як інструмента для гібрыдных аперацый. Падобныя барʼеры былі таксама пабудаваны на ўсходніх межах краін Балтыі і Польшчы.
ПР/юл