Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Будучы міністр абароны Эстоніі: Расія можа напасці цягам наступнага года

13.09.2026 09:14
Гэта вынікае з таго, што Расія хутка пачне аднаўляць і назапашваць войска пасля заканчэння вайны ва Украіне, перакананы эстонскі вайсковец.
Рэклама ваеннай службы па кантракце ў расійскай армііREUTERS

Калі вайна ва Украіне скончыцца на працягу шасці месяцаў, Расіі можа спатрэбіцца ўсяго шэсць месяцаў, каб ужыць ваенную сілу супраць Эстоніі, заявіў былы вярхоўны галоўнакамандуючы эстонскіх узброеных сіл Марцін Герэм, які быў намінаваны на пасаду новага міністра абароны.

Паводле слоў Герэма, які камандаваў эстонскімі ўзброенымі сіламі з 2018 па 2024 год, улады краіны павінны быць гатовыя да нападу Расіі. Новая ацэнка пагрозы для Эстоніі павінна абапірацца на разлікі, што Расія нападзе на краіну на працягу года, заявіў ваенны чыноўнік у інтэрв'ю радыё ERR.

— Гэта вынікае з таго, што Расія хутка пачне аднаўляць і назапашваць войска пасля заканчэння вайны ва Украіне. Ім хопіць шасці месяцаў, каб пачаць ваенныя дзеянні супраць нас, — прызнаў Герэм.

Як паведаміў навінавы партал Delfi, заява суправаджаецца крытыкай з боку экспертаў і ваенных камандзіраў.

— Будучы міністр абароны не павінен выстаўляць спецслужбам па сутнасці палітычнае патрабаванне змяніць ацэнку пагроз бяспецы краіны, — каментуе Ханно Пеўкур, які сыходзіць са сваёй пасады.

Марцін Герем заменіць Ханно Пеўкура на пасадзе міністра абароны, які падаў у адстаўку ў пачатку верасня на фоне скандалу, звязанага з купляй ракет для Украіны. Здзелка па куплі боепрыпасаў на суму прыблізна 70 мільёнаў еўра з індыйскімі прадпрымальнікамі сарвалася, а Еўрапейская пракуратура пачала расследаванне.

Афіцыйная прысяга Герема ў якасці новага міністра абароны запланавана на пачатак наступнага тыдня.

ПР/юл