Суд заблакаваў рашэнне прэзідэнта Дональда Трампа, прынятае на мінулым тыдні, і загадаў аднавіць акрэдытацыю журналістаў CNN, MS NOW і Politico, пастанавіўшы, што забарона на доступ іх супрацоўнікаў у Белы дом, верагодна, неканстытуцыйная, паведаміла ў чацвер агенцтва Reuters. Гэта сур'ёзная няўдача для Трампа ў адным з яго найважнейшых сутыкненняў са СМІ, падкрэсліла агенцтва.
Рашэнне было вынесена федэральным суддзёй у Вашынгтоне. Трамп сцвярджаў у сацыяльных сетках, што гэтым СМІ «нельга дазваляць пастаянна пісаць або паведамляць вымыслы і хлусню», а юрысты Міністэрства юстыцыі спрабавалі апраўдаць забарону меркаваннямі нацыянальнай бяспекі. Пасля таго, як амерыканскі прэзідэнт выключыў тры СМІ, іх журналістам не дазволілі ўвайсці ў Белы дом.
СМІ падалі ў суд на Трампа, сцвярджаючы, што забарона парушае свабоду прэсы, гарантаваную Канстытуцыяй ЗША.
У панядзелак CNN павінна было выконваць дзяжурства ў складзе прэзідэнцкага прэс-корпуса. Станцыя павінна была суправаджаць Трампа ў Нью-Ёрк на Генеральную Асамблею ААН. З-за таго, што CNN не трапіла ў Белы дом, іншыя тэлевізійныя сеткі вырашылі, што з салідарнасці ніхто з іх не возьме на сябе дзяжурства. Згодна з даўняй палітыкай, кожная тэлевізійная станцыя па чарзе прызначае аператара, гукарэжысёра і прадзюсара або рэпарцёра ў пул на дзень. Пакуль тэхнічная група запісвае прэзідэнта, прадзюсар або рэпарцёр каардынуе прамую трансляцыю па тэлефоне, робіць нататкі і задае пытанні.
— Атрыманне дакладнай і незалежнай інфармацыі пра ўрад — жыццёва важнае для грамадства. Ніякая адміністрацыя не павінна абмяжоўваць дзейнасць медыяарганізацыі толькі таму, што ёй не падабаецца, як яна асвятляе падзеі, — падкрэслілі ABC, CBS, CNN, Fox News і NBC у сумеснай заяве.
Віцэ-прэзідэнт Дж. Д. Вэнс растлумачыў рашэнне Трампа ў панядзелак.
— (Прэзідэнт) не забараняе СМІ. Ён проста кажа: «Мы не дамо вам спецыяльнага доступу ў Белы дом, калі вы будзеце займацца тым, што фактычна зʼяўляецца прапагандай», — сказаў ён журналістам.
РАР/ав