Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Аляксандр Вучыч напярэдадні адстаўкі: Сербія працягне атрымліваць танны расійскі газ

27.09.2026 17:04
«Падчас доўгай, гадзіннай размовы мы закранулі двухбаковыя адносіны, сітуацыю ў рэгіёне, канфлікт ва Украіне і іншыя важныя для Сербіі і Расіі пытанні», — расказаў сербскі лідар.
Здымак мае ілюстрацыйны характарShutterstock/Kingtony

Прэзідэнт Сербіі Аляксандар Вучыч пасля тэлефоннай размовы з дыктатарам Расіі Уладзімірам Пуціным заявіў, што разлічвае на працяг пагаднення аб пастаўках расійскага газу на льготных умовах.

— Я ўпэўнены, што з панядзелка пагадненне будзе працягнута, і мы па-ранейшаму зможам карыстацца добрай, нізкай цаной на газ, — сказаў Вучыч, удакладніўшы, што Сербія плаціць каля 318 еўра за тысячу кубаметраў супраць 868 еўра на еўрапейскім хабе TTF. — Падчас доўгай, гадзіннай размовы мы закранулі двухбаковыя адносіны, сітуацыю ў рэгіёне, канфлікт ва Украіне і іншыя важныя для Сербіі і Расіі пытанні, — дадаў сербскі лідар.

Аляксандр Вучыч таксама паведаміў Пуціну, што 27 верасня падае ў адстаўку з пасады прэзідэнта Сербіі. Пасля гэтага палітык мае намер удзельнічаць у кампаніі перад датэрміновымі парламенцкімі выбарамі, прызначанымі на 25 кастрычніка, як звычайны грамадзянін.

Сербія захоўвае цесныя адносіны з Масквой і не далучылася да санкцый супраць Расіі. Адначасова Бялград асуджаў расійскую агрэсію, аказваў гуманітарную дапамогу Кіеву і падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны.

pap/эж