Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Эстонія крытыкуе ЕС за падзелы ў справе санкцый супраць Расіі

30.09.2026 08:12
Міністэрства замежных спраў краіны папярэдзіла, каб не весціся на «хітрыкі Пуціна».
Міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахна наведвае ФінляндыюREUTERS

Краіны Балтыі, Фінляндыя і Польшча прызвычаіліся да «хітрыкаў Пуціна», але ў іншых еўрапейскіх дзяржавах усё інакш. Усё цяжэй утрымаць адзінства ўнутры ЕС адносна санкцый супраць Расіі, асабліва пасля таго, як Германія і Францыя разышліся ў поглядах, заявіў міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахна ў аўторак падчас візіту ў Хельсінкі.

— Адчайны Пуцін спрабуе падзяліць Захад і скарыстацца страхам эскалацыі вайны. Класічны Пуцін, — сказаў міністр замежных спраў Эстоніі ў інтэрв'ю, апублікаваным у сераду ў фінскай штодзённай газеце Helsingin Sanomat.

У аўторак Эстонія выклікала часовага паверанага ў справах пасольства Расіі ў Таліне ў сувязі з падпалам штаб-кватэры адной з найбуйнейшых абаронных кампаній краіны Milrem Robotics. Кампанія пастаўляе абсталяванне і беспілотнікі ва Украіну. Паводле звестак Службы ўнутранай бяспекі Эстоніі (Kapo), падпал, які адбыўся ў жніўні, быў здзейснены «па замове». Цахна лічыць, што напад быў часткай больш шырокай дыверсійнай кампаніі, якую Расія вядзе супраць Еўропы.

— Аднак гэта прыкмета рўсё большага адчаю, бо вайна з Украінай рухаецца ў няправільным для Крамля кірунку, — заявіў міністр замежных спраў Эстоніі.

Цахна таксама заявіў, што «Пуцін гадамі пагражае выкарыстаць тактычную ядзерную зброю ў Еўропе, і ён робіць гэта асабліва тады, калі Украіна смела пераўзбройваецца».

— Мы не верым, ніхто не верыць, што ён выкарыстае яе, таму што гэта было б геапалітычным самагубствам. Кітай не прыме гэтага, ні Індыя, ні хто-небудзь іншы, — заявіў міністр замежных спраў Эстоніі.

Цахна зʼяўляецца міністрам замежных спраў Эстоніі з вясны 2023 года. У 2016-2017 гадах ён займаў пасаду міністра абароны.

ПР/юл