На рэйсе з Дубаю ў Тэль-Авіў паміж пілотамі ўспыхнула бойка. Паводле ізраільскіх СМІ са спасылкай на чыноўнікаў, адзін з пілотаў спрабаваў справакаваць катастрофу. Сярод прыблізна 180 пасажыраў быў другі экіпаж пілотаў, якія ляцелі ў цывільным адзенні, і менавіта яны перашкодзілі аднаму з пілотаў узяць самалёт пад кантроль.
Маці аднаго з пасажыраў распавяла агенцтву Reuters пра драматычныя падзеі на борце самалёта.
— Самалёт пачаў падаць, і ўсе крычалі, думаючы, што памруць. Праз некалькі хвілін кіраванне ўзялі два іншыя пілоты. Некалькі ізраільцян напалі на аднаго з мужчын, які быў узброены нажом і спрабаваў забіць пілота. Яны павалілі яго на падлогу і збілі. Усюды была кроў.
Падчас інцыдэнту самалёт змяніў маршрут над Іярданіяй і знізіўся больш чым на чатыры кіламетры за трыццаць секунд. Урэшце, самалёт здзейсніў аварыйную пасадку ў Саудаўскай Аравіі. Саудаўская Аравія не мае дыпламатычных адносін з Ізраілем, але гэта не паўплывала на выратавальную аперацыю. FlyDubai адправіла другі самалёт, каб забраць пасажыраў, а Ізраіль таксама плануе адправіць ваенны або грамадзянскі самалёт для сваіх грамадзян.
Паводле некаторых ізраільскіх СМІ, пілот, які нібыта напаў на свайго калегу, зʼяўляецца аманцам, але гэтая інфармацыя пакуль неафіцыйная.
Яшчэ адзін рэйс з Дубаю ў Тэль-Авіў быў перанакіраваны ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Гэта ўжо другі падобны інцыдэнт за апошнія гадзіны.
ПР/юл