Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Балгарыя заклікала да міжнародных кансультацый пасля атак на судны ў Чорным моры

08.10.2026 08:43
У ноч на 6 кастрычніка два гандлёвыя судны былі атакаваныя марскімі і паветранымі беспілотнікамі ў выключнай эканамічнай зоне Балгарыі ў Чорным моры, прыкладна за 130 км ад узбярэжжа.
Ілюстрацыя pxhere.com/CC0 Public Domain

Балгарыя заклікала да міжнародных кансультацый пасля атак беспілотнікаў на два судны ў Чорным моры. Пасля экстранага пасяджэння Рады нацыянальнай бяспекі прэзідэнтка Балгарыі Іліяна Ётава заявіла, што зараз запуск кансультацый у рамках чацвёртага артыкула Паўночнаатлантычнай дамовы быў бы непрадуктыўным. Замест гэтага яна прапанавала пачаць міжнародныя перамовы аб міры і бяспецы суднаходства ў Чорным моры:

— Балгарыя павінна тэрмінова правесці кансультацыі з Румыніяй і Турцыяй наконт сумесных дзеянняў, накіраваных на спыненне нападаў на гандлёвыя судны ў Чорным моры і забеспячэнне бяспекі суднаходства. Балгарыя павінна актыўна ўдзельнічаць у перамовах, дамагаючыся дасягнення кансэнсусу паміж краінамі Чорнага мора. Гэта Расія, Украіна, Балгарыя, Румынія, Грузія і Турцыя. Балгарыя выступае за мараторый на ваенныя аперацыі ў Чорным моры і за пераўтварэнне яго ў зону агульнай бяспекі.

Падчас выступу прэзідэнтка Балгарыі не назвала таго, хто стаіць за атакамі на судны. Ускосныя прыкметы паказваюць на Расію, аднак гэтая версія не была агучаная Ётавай. Раней Ётава была віцэ-прэзідэнткай пры Румене Радэве, які цяпер узначальвае ўрад Балгарыі.

У ноч на 6 кастрычніка два гандлёвыя судны былі атакаваныя марскімі і паветранымі беспілотнікамі ў выключнай эканамічнай зоне Балгарыі ў Чорным моры, прыкладна за 130 км ад узбярэжжа.

Судна пад сцягам Тога Alfa Watan атрымала сур’ёзныя пашкоджанні і затанула. На яго борце, паводле балгарскіх уладаў, знаходзіліся 12 грамадзян Сірыі, і пошукі экіпажа пазней спынілі, бо ацалелых не знайшлі. Другое судна — пад сцягам Палау Able — загарэлася пасля атакі, але ўсіх 18 членаў экіпажа эвакуявалі.

iar/pap/эж