Міністэрства адукацыі Францыі паведаміла ў пятніцу, што больш за 96% сярэдніх школ краіны працуюць, а зачынена толькі 141 школа. Колькасць зачыненых школ крыху меншая, чым у чацвер, калі 157 з прыблізна 3700 сярэдніх школ Францыі былі зачыненыя.
Маштаб пратэстаў вучняў сярэдніх школ у пятніцу быў незразумелым, бо студэнцкія арганізацыі заклікалі да далейшых дзеянняў у аўторак 13-га кастрычніка.
У панядзелак, 12-га кастрычніка, павінна адбыцца сустрэча міністра адукацыі Эдуара Жафрэ і міністра вышэйшай адукацыі Філіпа Батыста з арганізацыямі вучняў сярэдніх школ. Першая такая сустрэча адбылася ў чацвер, пасля чаго было абвешчана, што 3 тысячы настаўнікаў будуць размеркаваны ў сярэднія школы, якія сутыкаюцца з найбольшым дэфіцытам настаўнікаў.
Чакаецца, што тэмай размоў у панядзелак будзе платформа Parcoursup, сістэма прыёму ва ўніверсітэты, якая крытыкуецца старшакласнікамі. У пятніцу раніцай Батыст заявіў радыёстанцыі Franceinfo, што ў сістэму Parcoursup будуць унесены змены, каб зрабіць яе больш празрыстай.
У чацвер у Францыі адбыліся дэманстрацыі, у якіх, паводле звестак Міністэрства ўнутраных спраў, прынялі ўдзел 71 500 чалавек, у тым ліку 24 500 у Парыжы.
PAP/юл