У Літве, Латвіі і Эстоніі абвяшчалі паветраную трывогу праз невядомыя беспілотнікі, якія перамяшчаліся праз паветраную прастору краін Балтыі. Для суправаджэння аб’екта ў паветра паднялі знішчальнікі НАТА. Папярэджанні атрымалі жыхары шэрагу рэгіёнаў, у тым ліку паблізу польскай мяжы.
Кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызіснымі сітуацыямі Літвы Вільмантас Віткаўскас паведаміў Польскаму радыё, што, паводле інфармацыі літоўскіх вайскоўцаў, аб’ект на кароткі час заляцеў на тэрыторыю Польшчы.
— Мяжа была перасечаная прыкладна на вышыні Лаздзеяў, у напрамку тэрыторыі Польшчы. Такую інфармацыю мы атрымалі ад нашых вайскоўцаў.
Раней папярэджанні пра паветраную пагрозу атрымалі жыхары Марыямпаля, Друскеніцкага і Лаздзейскага раёнаў Літвы. Частка з іх мела найвышэйшы, чырвоны ўзровень небяспекі: людзям рэкамендавалі схавацца ў сховішчах або знайсці бяспечнае месца ў будынку. Пазней паветраную трывогу абвясцілі і ў цэнтральнай частцы Літвы.
iar/pap/эж