Беларуская Служба

Сенат Польшчы прыняў закон аб пашырэнні тэлекамунікацыйнай інфраструктуры

05.08.2019 13:37
Дзякуючы гэтаму можна будзе прасцей уводзіць сучасную сувязь (5-га пакалення). Сенатары спрабавалі супакоіць баязі грамадства.
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.shutterstock, Healthy TechSTUDIO

«Dziennik Gazeta Prawna» нагадвае, што ў пятніцу Сенат (вышэйшая палата парламенту) прыняў закон аб пашырэнні тэлекамунікацыйнай інфраструктуры, каб была між іншым магчымасць увесці сучасную сувязь (гэтак званую сувязь 5-га пакалення). Закон, у прыватнасці, дазволіць павысіць нормы ўзроўню электрамагнітнага поля. На дадзены момант у Польшчы гэтыя нормы ў 100 разоў ніжэйшыя, чым у большасці краін Еўрапейскага Звязу, што з’яўляецца адной з самых вялікіх перашкод для кампаній тэлесувязі.

У законе закранаюцца розныя пытанні, але падчас разгляду ў Сенаце з яго былі выкрасленыя тыя папраўкі, якія датычаць выключна сувязі пятага пакалення. Былі пакінутыя тыя, што датычаць таксама іншых галін сувязі. Гэта звязана з бояззю ў грамадстве наконт шкоднага ўплыву магутнага электрамагнітнага поля на здароўе чалавека. Шмат увагі падчас абмеркавання закону членамі Сенату было прысвечана менавіта дадзенаму пытанню. Праўда, няма канкрэтных навуковых доказаў, што поле аказвае дрэнны ўплыў на здароўе, але прапанова павысіць нормы выклікае занепакаенне жыхароў Польшчы.

Бяспека сеткі пятага пакалення мае таксама стратэгічнае значэнне. У ЕЗ ідуць дэбаты, якім чынам выбіраць пастаўшчыкоў, каб сетка была ўстойлівай да кібератакаў. І ці можна супрацоўнічаць з кітайскай кампаніяй Huawei, якую спецслужбы ЗША падазраюць у супрацоўніцтве з кітайскай разведкай. Польскі ўрад рэкамендуе, каб аператары сувязі заказвалі тэхніку ў розных пастаўшчыкоў, а не з адной крыніцы.

нг