Беларуская Служба

Нараджэнне 12 дзяўчынак запар у адной вёсцы - анамалія ці нармальная з'ява?

28.08.2019 15:41
Тэмай зацікавіліся ўжо генетыкі. У сваю чаргу матэматык тлумачыць здарэнне з пункту гледжання статыстыкі.
Ілюстрацыйны здымакGlow Images/East News

Інфармацыя пра тое, што ў адной польскай вёсцы – Мейсцы Аджаньскім (Miejsce Odrzańskie) на працягу дзевяці апошніх гадоў нараджаюцца толькі дзяўчынкі, паявілася ў СМІ розных краін свету. Нават «New York Times» пісаў пра дзіўную анамалію – нагадвае «Gazeta Wyborcza».

У вёсцы прыйшло на свет 12 дзяўчынак запар. Тэмай зацікавіліся ўжо генетыкі. У сваю чаргу матэматык Крэйг Андэрсан (Craig Anderson) тлумачыць, што нічога дзіўнага ў гэтым няма.

У Польшчы кожны год па статыстыцы нараджаецца крыху больш хлопчыкаў, чым дзяўчынак (прапорцыя 105 на 100). Аднак верагоднасць нараджэння хлопца ці дзяўчынкі аднолькавая – ½. А верагоднасць таго, што народзіцца чарговае дзіця таго ж полу, змяншаецца з кожным нараджэннем, але ж гэта не з’яўляецца немагчымым, таму час ад часу можа здарыцца нават 12 нараджэнняў дзяўчынак падрад. Верагоднасць аднолькавая, як тое, што хтосьці 12 раз запар атрымае арла, кідаючы манету. Такое здараецца рэдка, але ж можа здарыцца.

Нельга таксама забываць, што Мейсцэ Аджаньске – гэта маленькі населены пункт, дзе нараджаецца ў сярэднім адно дзіця ў год, таму можа здавацца дзіўным, што за такі доўгі час (больш за 9 гадоў) не было ніводнага дзіцяці мужчынскага полу. У Варшаве нараджаецца каля 35 тыс. дзяцей у год, гэта прыкладна 100 у дзень. І калі б у адным шпіталі нарадзілася 12 дзяўчынак запар, ніхто б не звярнуў на гэта ўвагі.

нг