Беларуская Служба

Як нямецкі браняносец «Шлезвіг-Гольштэйн» пачаў Другую сусветную ваёну

30.08.2019 19:21
1 верасня 1939 года а 4:45 карабель адкрыў агонь па польскай вайсковая базе Вестэрплятэ – пачалася Другая сусветная вайна.
Аўдыё
  • Як нямецкі браняносец «Шлезвіг-Гольштэйн» пачаў Другую сусветную ваёну
   -, 1934  1935
Нямецкі эскадраны браняносец «Шлезвіг-Гольштэйн», 1934 альбо 1935 гады commons.wikimedia.org/Archiv Peter Raap/public domain

У канцы жніўня 1939 года ў Свабодны горад Гданьск (Данцыг) прыбыў нямецкі эскадраны браняносец «Шлезвіг-Гольштэйн». Гэты карабель увайшоў у сусветную гісторыю тым, што яго гарматны залп сімвалічна пачаў Другую сусветную вайну.

Афіцыйнай мэтай прыбыцця браняносца «Шлезвіг-Гольштэйн» у Гданьск было ўшанаванне памяці загінулых афіцэраў і матросаў крэйсера «Магдэбург», якія пахаваныя на могілках горада. Аднак у браняносца была сакрэтная задача, пра якую ведала абмежаванае кола людзей у гітлераўскай Германіі. Для выканання тайнай місіі пад палубай карабля была схаваная ваенная тэхніка і зброя. А якая сакрэтная мэта? «Шлезвіг-Гольштэйн» меў адкрыць агонь і пачаць такім чынам вайну Берліна супраць Польшчы. А гэта была сур’ёзная сіла, нягледзячы на тое, што браняносец быў пабудаваны яшчэ да Першай сусветнай вайны ў 1906 годзе. Вашай увазе – урывак архіўнай перадачы Польскага радыё з 1956 года, прысвечанай пачатку Другой сусветнай вайны.

- 130-метровы стальны корпус браняносца ўзносіўся над гданьскім портам. 11-метровая гармата калібра 280 мм гатовая ў кожны момант адкрыць агонь. Акрамя чатырох цяжкіх гармат, гітлераўскі браняносец «Шлезвіг-Гольштэйн» мае на сваім борце 10 гармат калібра 150 мм, а таксама зенітныя і тарпедныя ўстаноўкі ды шматлікія кулямёты. Адным словам мае зброю, патрэбную для марскога боя з сур’ёзным праціўнікам. Кожны член каманды, кожны кадэт Трэцяга Рэйху ведае гісторыю карабля, якой ганарыцца нямецкая дзяржава. У 1916 браняносец удзельнічаў у боі з караблямі Ваенна-марскога флоту Вялікабрытаніі, які цягам стагоддзяў панаваў на сусветных акіянах. Рухавікі браняносца моцаю 17 тыс. конскіх сіл дазваляюць рухацца з хуткасцю 35 км/г. Запас хода без папаўнення паліва дазваляе браняносцу прайсці з Гданьска ў Вальпараіса ў Чылі. Ён не баіцца нават цяжкіх артылерыйскіх снарадаў, таму што важныя вузлы карабля ахоўвае 25-сантыметровая браня.

Дарэчы, планавалася, што «Шлезвіг-Гольштэйн» адкрые агонь 26 жніўня 1939 года, аднак з Берліна капітан браняносца атрымаў загад паўстрымацца. Германія адклала пачатак вайны ў сувязі з тым, што Польшча і Вялікабрытанія падпісалі пагадненне аб ваеннай дапамозе. Па-другое, Беніта Мусаліні паведаў немцам, што Італія не падрыхтаваная да вайны, каб падтрымаць Германію. Гітлеру прыйшлося перасунуць дату нападзення на Польшчу да поўнага завяршэння мабілізацыі Вермахта.

А 4:30 1 верасня 1939 года «Шлезвіг-Гольштэйн» адчаліў ад узбярэжжа і заняў пазіцыю ў партовым канале. А 4:45 карабель адкрыў агонь па Вестэрплятэ – польскай вайсковая базе, якая знаходзілася ў Свабодным горадзе Гданьск. Адначасова са стрэламі з карабля ў атаку пайшлі нямецкія салдаты пра падтрымцы авіяцыі. Пачалася Другая сусветная вайна.

У канцы вайны «Шлезвіг-Гольштэйн» сеў на мель у выніку пападання брытанскіх бомбаў. Пасля вайны ён трапіў у Савецкі Саюз, дзе на Балтыцы служыў у якасці марской мішэні. Вучэбныя стрэльбішчы па некалі магутным караблі адбываліся да 1966 года.

вс

слухайце аўдыё