Сёння ў шматлікіх краінах вучні пашыбавалі ў школу – пачаўся новы навучальны год. І хоць у нашым рэгіёне Еўропы надвор’е пакуль што па-сапраўднаму летняе і хацелася б яшчэ адпачыць, то аднак школа кліча, і хочаш ці не хочаш, прыходзіцца сядаць за школьныя парты.
Дарэчы, у адрозненні ад Беларусі, у Польшчы 1 верасня навучальны год пачынаецца толькі ў базавых, сярэдніх і сярэднеспецыяльных навучальных установах. У вышэйшых навучальных установах студэнты прыходзяць на заняткі 1 кастрычніка. Верасень у ВНУ – перыяд пераздач для тых студэнтаў, якія не здалі залікі альбо экзамены падчас летняй сесіі. А вось, для прыкладу, у Фінляндыі навучальны год у ВНУ пачынаецца ўвогуле ў сярэдзіне жніўня. Такім чынам, як гаворыцца, што ні край, то звычай.
І так, у Польшчы новы навучальны год пачаўся для 4 млн 600 тыс. вучняў. 385 тыс. дзяцей пайшлі ў школу ўпершыню.
Як і ў іншых краінах, у Польшчы таксама палітыкі прымаюць удзел у школьных лінейках. Прэм'ер-міністр краіны Матэвуш Маравецкі прыняў удзел у лінейцы ў базавай школе ў горадзе Прушкаў, які размешчаны ў 15 км ад Варшавы.
Кіраўнік Кабміну Польшчы, звяртаючыся да вучняў, сказаў, што нягледзячы на развіццё тэхнікі і сучасных тэхналогій школа была і застаецца школай, дзе маладыя людзі атрымліваюць шырокія веды.
- Напэўна вы ведаеце інтэрнэт, чулі пра «Гугл», «Фэйсбук», але «Гугл» не навучыць вас так як настаўнік, не дасць такіх шырокіх ведаў. Гэтаксама як «Фэйсбук» – гэта не тое самае, што сябры ў школе. Памятайце, што школа – гэта асноўнае месца, дзе нараджаюцца веды, з’яўляюцца планы на будучыню і пашыраецца наш кругагляд.
Польская прэзідэнцкая пара павіншавала школьнікаў і іх бацькоў з пачаткам новага навучальнага года. Анджэй Дуда і Агата Корнхаўзэр-Дуда напісалі, што варта ставіцца да школы як да «займальнай прасторы ведаў, якая запрашае даследаваць новыя гарызонты, свет і людзей. Гэта месца, дзе можна зразумець, што значыць супольнасць, таварыства і сяброўства».
Некаторыя польскія школы прынялі ўдзел у акцыі «Перарваны шлях». Маецца на ўвазе шлях у школу, які 1 верасня 1939 года спыніла нападзенне Германіі на Польшчы, ад якога пачалася Другая сусветная вайна. У школах, якія далучыліся да мерапрыемства, на першыя ўрокі запрашэнне атрымалі людзі – дзядулі, суседзі, далейшыя сваякі вучняў, – якія нарадзіліся да 8 мая 1945 года – гэта дзень заканчэння Другой сусветнай вайны.
Адной са школ, якая прыняла ўдзел у акцыі, была базавая школа №12 у горадзе Отвацк, размешчаным у 15 км ад Варшавы. Гаворыць настаўніца гісторыі Аніта Вайцехоўска.
- Людзей з пакаленняў, якія памятаюць часы вайны, становіцца ўсё менш. Мы хацелі б, каб памяць пра вайну была жывая, і каб веды пра трагічныя падзеі чэрпаць не толькі з падручнікаў, але і з успамінаў сведкаў. І таму мы далучыліся да акцыі.
Канкурэнцыя і пашырэнне адукацыйнай прапановы датычыць таксама адукацыі. У гэтай галіне таксама трэба ісці з духам часу, і таму першых вучняў прыняў Вайсковы агульнаадукацыйны інфарматычны ліцэй, які адкрылі пры варшаўскай Вайсковай тэхнічнай акадэміі – адной з найбольш прэстыжных вайсковых ВНУ Польшчы. Дзякуючы вучобе ў ліцэі будучыя вайсковыя інфарматыкі будуць мець добры старт у дарослае жыццё.
Удзел у пачатку новага школьнага году прынялі таксама беларускія чыноўнікі, у тым ліку кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Ён прыехаў да вучняў і настаўнікаў мінскай школы № 93. Выступаючы на лінейцы, ён згадаў асабісты вопыт як бацькі і пастрашыў вучняў будучыняй.
Акрамя таго, Лукашэнка назваў «хламам» вышэйшую матэматыку ў ВНУ і даў рэкамендацыі па школьнаму харчаванню. Пры гэтым кіраўнік краіны зазначыў, што сам харчуецца вельмі проста, а вось дзеці, паводле яго, любяць «усякую гадасць» тыпу гамбургераў і чыпсаў.
Такім чынам, нічога новага не было: Аляксандр Рыгоравіч чарговы раз паказаў, што ён спецыяліст у многіх галінах – і ў вышэйшай матэматыцы, і ў дыеталогіі.
А вучням мы жадаем поспехаў у вучобе, як мага менш стрэсу, шмат добрых адзнак; а вось настаўнікам – таксама менш стрэсу, пазітыву, задавальнення ад працы, беспраблемных вучняў і, зразумела, вышэйшых зарплат, прычым як настаўнікам у Польшчы, так і ў Беларусі.
вс
слухайце аўдыё