Dziennik Gazeta Prawna закранае пытанне ўплыву палітычных стратэгаў на погляды звычайных жыхароў Польшчы. Галоўная мэта – паўплываць на выбаршчыкаў праз сацсеткі. Фэйсбук ведае ўсё – хто чаго баіцца, чым хварэе, пра што марыць, з кім спіць. А таксама, якія ў каго погляды і за каго ён галасуе. Гэта каштоўныя звесткі для ўсіх, хто імкнецца паўплываць на вынікі выбараў. Фундацыя Panoptykon з партнёрскімі фірмамі правяла даследаванне, якім чынам выбарчыя камітэты вялі кампанію ў інтэрнэце перад выбарамі ў Еўрапейскі парламент.
Аказалася, што выбарчыя камітэты прызначалі на кампанію ў інтэрнэце сотні тысяч злотых. Агулам усе партыі выдаткавалі на кампанію ў сацсетках 998 тыс. злотых (больш за 250 тыс. долараў ЗША).
Дзякуючы інфармацыі, якую мы пакідаем пра сябе ў сацсетках, спецыялісты па палітычным маркетынгу могуць старанна падрыхтаваць агітацыю пад канкрэтную групу электарату. Іншы пасыл будзе да старэйшых, іншы да маладзейшых, яшчэ інакш будуць заахвочваць галасаваць жыхароў вялікіх гарадоў, а інакш – малых. Звесткі з інтэрнэту даюць магутную магчымасць уплываць на выбары – перасцерагаюць аўтары дакладу. На жаль, прававыя нормы не бяруць пад увагу, на колькі гэта важны і патэнцыйна небяспечны інструмент – новыя формы агітацыі. Калі гаворка ідзе пра перадвыбарчую кампанію, мы як правіла думаем толькі пра білборды і ролікі па тэлебачанні, а насамрэч сапраўдная бітва за галасы ідзе ў інтэрнэце.
нг