Беларуская Служба

Польшча робіць стаўку на мадэрнізацыю арміі

05.09.2019 14:01
Да 2026 году палякі плануюць прызначыць на мадэрнізацыю войска амаль 43 мільярды еўра.
Аўдыё
  • Да 2026 году палякі плануюць прызначыць на мадэрнізацыю войска амаль 43 мільярды еўра.
     .
Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак.Foto: Wojciech Kusiński/PR

Да 2026 году Польшча прызначыць на мадэрнізацыю арміі амаль 43 мільярды еўра. Гэта больш, чым прадугледжваў план, прыняты ўрадам папярэдняй урадавай кааліцыі „Грамадзянскай платформы” і Польскай сялянскай партыі. Польшча вядзе таксама перамовы наконт набыцця знішчальнікаў F-35.

Пра гэтыя ды іншыя змены, якія цягам бліжэйшых гадоў адбудуцца ў польскай арміі, у эфіры Першай праграмы грамадскага Польскага Радыё распавёў міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак (Mariusz Błaszczak).

Паводле кіраўніка Мінабароны, Польшча не толькі зацікаўлена набываннем ваеннай тэхнікі за мяжой, але і сама, у некаторых галінах, з’яўляецца канкурэнтным суб’ектам на рынку ваеннай прамысловасці ў свеце. Марыюш Блашчак згадаў, напрыклад, кантракт, які польская кампанія NITRO-CHEM заключыла з амерыканскім бокам падчас міжнароднай выстаўкі ваеннай прамысловасці, якая праходзіць у горадзе Кельцэ.


- Згаданая кампанія ўваходзіць у склад польскага Ваенна-прамысловага комплексу. Яна вырабляе кампаненты для выбуховых рэчываў для амерыканцаў. Канстатуючы, ёсць галіны, у якіх мы выдатна спраўляемся. Напрыклад, польская армія купіла радары ў польскай кампаніі PIT-RADWAR. Армія набыла таксама транспарцёры Rosomak (Расамаха) - выдатныя машыны, правераныя, між іншым, падчас місіяў у Афганістане. Варта ўспомніць пра прадукцыю Сталеліцейнага завода Stalova Wola, які выпускае самаходныя мінамёты Rak, гаўбіцы Krab, баявыя машыны Borsuk з пускавой устаноўкай для супрацьтанкавых ракетаў Spike (Спайк). Падсумоўваючы, ёсць галіны, у якіх польская ваенная прамысловасць знаходзіцца ў групе лідараў.

Тым не менш, Злучаныя Штаты Амерыкі – гэта несумненны лідар ваеннай прамысловасці, і таму Польшча зацікаўленая амерыканскай тэхнікай.

- Перш за ўсё гаворка ідзе пра артылерыю. Таму Польшча купіла выдатны супрацьракетны комплекс Patriot, комплекс Himars, шматмэтавыя верталёты з Мельца Black Hawk. Мы замовілі таксама верталёты AW 101, якія ў Сьвідніку выпускаюць італьянцы.

Міністр Блашчак нагадаў, што Польшча праводзіць перамовы наконт купліі знішчальнікаў F-35.

- Каб пачаць перамовы па гэтай справе, мы былі прымушаныя атрымаць згоду ўраду Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэта падстава. Не кожная краіна можа купіць гэты самалёт. Гэта самая сучасная машына – больш сучаснай у свеце няма. Гэткі самалёт дае абсалютную перавагу ВПС. Ён нябачны для радараў і супрацоўнічае са знішчальнікамі F-16 і комплексамі Himars i Patriot. Мы вядзем перамовы і ў нас ёсць усе падставы разлічваць на добрыя вынікі. Ёсць ужо фармальныя і фінансавыя падставы дзеля таго, каб польская армія магла атрымаць гэтую тэхніку.

Міністр нацыянальнай абароны нагадаў, што восенню падпіша план тэхнічнай мадэрнізацыі польскай арміі на бліжэйшыя 15 гадоў, то бок да 2035 году.

- Я прыняў план тэхнічнай мадэрнізацыі да 2026 году. Яго бюджэт складае 185 мільярдаў злотых (каля 43 мільярдаў еўра). Гэта на 45 мільярдаў злотых больш, чым прадугледжваў план мадэрнізацыі, прыняты папярэдняй урадавай кааліцыяй „Грамадзянскай платформы” і Польскай сялянскай партыі. Аднак у сувязі з дынамічным працэсам мадэрнізацыі польскай арміі і ейным пашырэннем неабходнай аказалася даўжэйшая перспектыва, як мінімум, 15 гадоў. Гэта стандарты НАТА. Прэзідэнт ужо выказаўся на тэму галоўных напрамкаў развіцця польскай арміі. Цяпер падрабязнасці распрацоўвае Рада міністраў. Фінал – восенню ў выглядзе Плану мадэрнізацыі польскай арміі.

План будзе браць пад увагу польскія абавязацельствы перад Паўночнаатлантычным альянсам, то бок, як мінімум, 2% ВУП, прызначаныя на абарону. У 2020 годзе гэта будзе 2,1% ВУП, то бок 12 мільярдаў еўра.

-Гэта сапраўды велізарная сума. Надоечы, пры нагодзе супольнага паседжання ўрадаў Польшчы і Чэхіі, я размаўляў са сваім чэшскім калегам. Ён быў пад вялікім уражаннем дынамікі мадэрнізацыі польскай арміі.

Нагадаем, госцем Першай праграмы Польскага радыё быў міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак.

аз