Беларуская Служба

Адзінокія жанчыны не могуць стаць маці ў выніку экстракарпаральнага апладнення

12.09.2019 15:01
Юрыдычны кур'ёз у тым, што жанчыны, у якіх узялі раней яйцаклеткі, па праву не могуць імі скарыстацца.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/bezikus

Пра кур’ёзны элемент прававых нормаў, датычных экстракарпаральнага апладнення, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna. Чатыры гады таму, у 2015 годзе, у Польшчы быў прыняты закон аб гэтым відзе штучнага апладнення. Цяпер адзінокія жанчыны не маюць права зацяжарыць пры дапамозе дадзенага метаду. Але не ў гэтым самая вялікая праблема, а ў тым, што калі жанчына, у якой няма пастаяннага партнёра або мужа, пачала лячыцца перад прыняццем закону, і яе яйцаклеткі была аплоднены і замарожаны, але яна яшчэ не зацяжарала, то цяпер яна не можа гэтага зрабіць, не можа фактычна нарадзіць уласнае патэнцыйнае дзіця, зародак якога прабывае ў лядоўні клінікі.

Які маштаб дадзенай з’явы? Ніхто дакладна не ведае, паколькі перад падпісаннем закону клінікі лячэння бясплоднасці не вялі статыстыку, колькі сярод іх пацыентак адзінокіх жанчын або лесбіянак. Паводле словаў прадстаўнікоў цэнтраў, гэта было ад 5 да 10% усіх пацыентак.

Такім чынам чатыры гады ў клініках знаходзяцца замарожаныя зародкі. Жанчыны, з яйцаклетак якіх яны паўсталі, плацяць за іх утрыманне ад 300 да 700 злотых у год, але не могуць стаць маці, бо не дазваляе закон. Сучасныя метады замаражвання зародкаў дазваляюць выкарыстаць іх нават праз 20 гадоў захоўвання. Але час працуе супраць жанчын, якія з кожным годам страчваюць шанцы стаць маці. Адзіны выхад – выйсці замуж або прывесці сябра, які падпіша дакументы, што бярэ на сябе адказнасць за выхаванне дзіцяці, у тым ліку будзе плаціць у выпадку расстання аліменты. Мала хто пагаджаецца на такі крок, хаця, як кажуць прадстаўнікі клінік, адзінкавыя выпадкі здараюцца.