У польскім касцёле можа быць створаны адмысловы фонд, з якога ішла б дапамога для ахвяр сексуальнага дамагальніцтва з боку каталіцкіх святароў – даведалася выданне Rzeczpospolita. Дзеля стварэння такога фонду неабходна атрымаць згоду біскупаў. Біскупы выразілі згоду падчас сустрэчы пад канец жніўня ў Чанстахове. А з ідэяй арганізаваць фонд выступіў арцыбіскуп Войцех Поляк некалькі месяцаў таму.
Сродкі з фонду будуць прызначацца на дапамогу для асоб, якія пацярпелі ад сексуальнага дамагальніцтва з боку святароў. Яны змогуць атрымаць між іншым юрыдычную дапамогу. З грошай можна будзе аплаціць псіхалагічную тэрапію і стыпендыйна-адукацыйную праграму. Паявілася таксама прапанова, каб у некалькіх гарадах Польшчы адкрыць прафесійныя юрыдычна-псіхалагічныя кансультацыі, дзе ахвяры маглі б атрымаць падтрымку, у тым ліку паразмаўляць з духоўным.
Дзякуючы фонду можна было б выдзеліць сродкі на дзейнасць тэлефону даверу. Лінія была адкрыта паўгода таму, пакуль што яна працуе раз у тыдзень па прынцыпу валанцёрскай дзейнасці. Аднак званкоў на столькі шмат, што неабходна пашырыць дзейнасць.
«Звоняць людзі з рознымі праблемамі. Як тыя, хто быў пакрыўджаны святаром у дзяцінстве, так і будучы ўжо дарослым. Гэта не толькі сексуальнае дамагальніцтва, але таксама слоўны, фізічны ці псіхічны гвалт», – адзначае прэс-сакратар ініцыятывы «Параненыя ў касцёле» Збігнеў Насоўскі.
нг