Беларуская Служба

Беларускі гісторык пазнаёміў брытанскіх дыпламатаў з малавядомымі старонкамі гісторыі Беларусі

25.11.2019 18:34
Cпецыяліст расказаў пра гісторыю службы беларусаў у даваенным Войску Польскім, а таксама Другім польскім корпусе і іншых фарміраваннях польскай арміі на Захадзе падчас вайны. 
Аўдыё
  • Адмыслова для лекцыі Ігар Мельнікаў прынёс арыгінальныя артэфакты, здымкі, дакументы, рыштунак і ўніформу жаўнераў Другога польскага корпуса
     ;   ,    -    (  )
Ігар Мельнікаў з супрацоўнікамі пасольства Вялікабрытаніі; у цэнтры гісторык, злева ад яго - пасол Жаклін Перкінс (у цёмным касцюме)фота: прыватны архіў Ігара Мельнікава

Па запрашэнні пасла Вялікабрытаніі ў Беларусі Жаклін Перкінс беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў правёў для супрацоўнікаў дыпламатычнай установы гістарычную лекцыю. На сустрэчы спецыяліст па вайсковых пытаннях расказаў пра гісторыю службы беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў даваенным Войску Польскім, а таксама Другім польскім корпусе і іншых фарміраваннях польскай арміі на Захадзе падчас Другой сусветнай вайны. 

Колькі беларусаў сустрэла пачатак вайны ў шыхтах Войска Польскага? У якіх бітвах прыйшлося паўдзельнічаць ім у верасні 1939 года? Праз якія рэпрэсіі прайшлі жыхары далучанай да БССР Заходняй Беларусі? Колькі беларусаў было ў Арміі Андэрса і што такое Бітва пад Монтэ-Касіна? На гэтыя і іншыя пытанні пачулі адказы ўдзельнікі лекцыі.

Значную ўвагу Ігар Мельнікаў надаў апісанню лёсаў простых беларусаў, палякаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, якія ў 1941 годзе папоўнілі шэрагі Арміі пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса.
Акрамя гэтага, кандыдат гістарычных навук распавёў пра лёс беларускіх жаўнераў польскай Самастойнай паветрана-дэсантнай брыгады падчас аперацыі «Макет-Гадэн» у Галандыі ў 1944 годзе. Нарэшце, гісторык дэталёва асвяціў асаблівасці злачыннай дэпартацыі ветэранаў Другой сусветнай, жаўнераў Войска Польскага на Захадзе, якую ажыццявілі савецкія ўлады ў Беларусі ўвесну 1951 года.

Адмыслова для лекцыі Ігар Мельнікаў прынёс арыгінальныя артэфакты, здымкі, дакументы, рыштунак і ўніформу жаўнераў Другога польскага корпуса.

Плануецца, што ў хуткім часе Пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі перадасць копіі брытанскіх узнагарод чарговай групе сваякоў беларускіх «андэрсаўцаў».

За апошнія пяць гадоў брытанскае дыппрадстаўніцтва ў Беларусі вярнула сямейныя рэліквіі больш чым дваццаці сем’ям нашчадкаў жаўнераў Другога польскага корпуса з Беларусі.

Размову з Ігарам Мельнікавым запісаў Валеры Саўко.

слухайце аўдыёфайл