Беларуская Служба

Варшаўскі ўніверсітэт прызнаны найлепшай даследчай вышэйшай навучальнай установай у Польшчы

16.12.2019 19:11
У сувязі з гэтым цягам бліжэйшых гадоў ВНУ будзе атрымліваць у якасці прэміі на 10% вышэйшую чым звычайна датацыю з бюджэту дзяржавы.
Аўдыё
  • Варшаўскі ўніверсітэт прызнаны найлепшай даследчай вышэйшай навучальнай установай у Польшчы
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjne Kamyq/Pixabay/Domena publiczna

Варшаўскі ўніверсітэт прызнаны найлепшай даследчай вышэйшай навучальнай установай у Польшчы, паведаміла Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі краіны. У сувязі з гэтым цягам бліжэйшых гадоў ВНУ будзе атрымліваць у якасці прэміі на 10% вышэйшую чым звычайна датацыю з бюджэту дзяржавы. Дадатковыя сродкі будуць прызначаныя на развіццё ўніверсітэту і навуковыя даследаванні.

Дасягненні польскіх вышэйшых навучальных установаў у галіне даследаванняў і інавацый разглядала 15 міжнародных экспертаў у рамках конкурсу, арганізаванага Міністэрствам навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы. Спецыялісты звярнулі ўвагу на пяць галіновых даследаванняў і 70 праектаў, у якіх задзейнічаны сталічны ўніверсітэт. У прыватнасці, варшаўская ВНУ праводзіць перспектыўныя даследаванні ў галіне прыродных і гуманітарных навук ды інфарматыкі.

Міністр навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы, віцэ-прэм’ер ураду краіны Яраслаў Говін звярнуў увагу на тое, што ВНУ перспектыўнымі даследаваннямі займаецца шмат гадоў.

- Варшаўскі ўніверсітэт актыўна працуе ў пяці перспектыўных даследчых галінах, прычым у міжнародным маштабе. Пры гэтым эксперты падкрэсліваюць, што вышэйшая навучальная ўстанова перспектыўнымі даследаваннямі займаецца шмат гадоў.

Рэктар Варшаўскага ўніверсітэту Марцін Палыс зазначыў, што выпускніца ВНУ стала Нобелеўскай лаўрэаткай. Ён таксама выказаў спадзяванне, што ў будучыні выпускнікі ўніверсітэту таксама атрымаюць згаданую прэстыжную ўзнагароду.

- У 80-я гады мы нават і не думалі пра тое, што праз нейкі час нехта з нашых выпускнікоў можа стаць лаўрэатам Нобелеўскай прэміі. Але гэта здарылася: сёлета Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры атрымала Вольга Такарчук. Я спадзяюся і веру ў тое, што праз нейкі час чарговы выпускнік Варшаўскага ўніверсітэту атрымае Нобелеўскую прэмію ў іншай галіне.

Акрамя Варшаўскага ўніверсітэту, пазітыўныя ацэнкі экспертаў у галіне даследаванняў атрымалі Гданьскі політэхнічны ўніверсітэт, Кракаўская горна-металургічная акадэмія, Варшаўскі політэхнічны ўніверсітэт, Познаньскі ўніверсітэт імя Адама Міцкевіча, Гданьскі медыцынскі ўніверсітэт, кракаўскі Ягелонскі ўніверсітэт, Сілезскі політэхнічны ўніверсітэт (горад Глівіцы), Торуньскі ўніверсітэт імя Мікалая Каперніка ды Уроцлаўскі ўніверсітэт.

Варшаўскі ўніверсітэт – адна з буйнейшых ВНУ ў Польшчы і другі найстарэйшы, пасля кракаўскага Ягелонскага ўніверсітэту. Лічыцца адной з найбольш прэстыжных польскіх вышэйшых навучальных устаноў.
Заснаваны ў 1816 годзе. Актуальна ў ім навучаецца каля 70 тыс. студэнтаў.

Варшаўскі ўніверсітэт – гэта 21 факультэт, 11 асобных цэнтраў і інстытутаў, шэсць міжнародных адзінак, а таксама 17 арганізацыйных адзінак.

У Варшаўскім універсітэце працуе таксама Кафедра беларусістыкі, на якой студэнты вывучаюць беларускую мову, культуру і гісторыю.

вс

слухайце аўдыёфайл 

на фота: уваход на галоўны кампус Варшаўскага ўніверсітэту