Беларуская Служба

Анджэй Дуда не паедзе ў Ізраіль на ўрачыстасці, прысвечаныя гадавіне вызвалення канцлагера „Аўшвіц”

03.01.2020 14:27
Галоўным госцем арганізаванага Інстытутам Яд ва-Шэм у Ерусаліме мерапрыемства будзе Уладзімір Пуцін.
    (-2).
Галоўная брама лагера Біркенау (Аўшвіц-2).By Michel Zacharz AKA Grippenn[1] - Praca własna, CC BY-SA 2.5, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1083901

Прэзідэнт Анджэй Дуда не будзе ўдзельнічаць у 5-ым Сусветным форуме, прысвечаным галакосту (World Holocaust Forum), які арганізуецца ў Ізраілі 22 і 23 студзеня. Галоўным госцем мерапрыемства будзе прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Свой удзел пацвердзілі таксама прэзідэнты Францыі, Германіі і Італіі, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Прэзідэнт Польшчы не прыме запрашэння на святкаванне 75-годдзя вызвалення канцлагера „Аўшвіц-Біркенаў”, арганізаванае Інстытутам Яд ва-Шэм у Ерусаліме. Паводле газеты, пра гэта стала вядома ўжо 27 снежня пасля сустрэчы ў Прэзідэнцкім палацы, на якой палітыкі і эксперты абмяркоўвалі апошнія антыпольскія заявы Уладзіміра Пуціна.

Ізраільскія мерапрыемствы разглядаюцца як альтэрнатыва ўрачыстасцям, якія адбудуцца 27 студзеня ў Асвенцыме. Аднак, паводле выдання, асноўная праблема зводзіцца да таго, што падзея ў Ерусаліме не гарантуе кіраўніку Польшчы належнага форуму для выказвання. Галоўнымі выступоўцамі на Сусветным форуме, прысвечаным галакосту, будуць прэзідэнты Расіі і Ізраіла Уладзімір Пуцін і Рэўен Рыўлін.

Апрача таго, мерапрыемства ў Ерусаліме арганізуе кіраўнік Міністэрства замежных спраў Ізраіля Ісраэль Кац, які нейкі час таму праславіўся сваёй заявай пра тое, што „палякі высмакталі антысемітызм з малаком маці”.

Тым часам, удзел у мерапрыемстве, арганізаваным польскім бокам на месцы былога нямецкага канцлагера ў Асвенцыме, пацвердзілі ўжо кароль Іспаніі, нідэрландская каралеўская пара, прэзідэнты Ізраіля, Германіі, Швейцарыі і прэм'ер-міністры Грэцыі, Швецыі і Нідэрландаў. Не ўпершыню прэзідэнта Расіі на гэтае мерапрыемства не запрасілі. Дарэчы, падобным чынам адбылося ў 2015 годзе пасля нападу Расіі на Украіну, паведамляе Gazeta Wyborcza.

аз