Беларуская Служба

Мінадукацыі Польшчы прадставіла спіс найбольш дэфіцытных і запатрабаваных прафесій

29.01.2020 14:01
Гэта ўказанне для прафесійных вучылішчаў, класы па якіх спецыяльнасцях неабходна адкрываць.
 -
Кандытар - адна з дэфіцытных прафесій у Польшчыфота: Pixabay.com/Capri23auto/CC0

Dziennik Gazeta Prawna піша, прадстаўнікі якіх прафесіяў найбольш запатрабаваныя на рынку працы ў Польшчы. Міністэрства нацыянальнай адукацыі прадставіла спіс дэфіцытных і перспектыўных прафесій. Гэта ўказанне для прафесійных вучылішчаў, класы па якіх спецыяльнасцях неабходна адкрываць. У сваю чаргу наймальнікі за падрыхтоўку да працы такіх працаўнікоў атрымаюць фінансую падтрымку ад дзяржавы.

У спісе больш за 20 прафесій. Гэта, у прыватнасці, пекар, кандытар, спецыяліст па моднай вопратцы, кухар, грабар, кіроўца, каваль, кравец, механік-чыгуначнік, слесар ды іншыя. Гэта часцей за ўсё рамеснікі, якіх рыхтуюць вучылішчы. Інфармацыю аўтары спісу збіралі як з ведамстваў па працаўладкаванні, так і ад працадаўцаў. Дзякуючы гэтаму адукацыйныя ўстановы ведаюць, якіх спецыялістаў неабходна рыхтаваць. Узнікае аднак пытанне, ці школы знойдуць жадаючых вучыцца па напрамках, якія прапануе Мінадукацыі. Муляр, слесар ці пекар – гэта прафесіі, якія, паводле пераканання многіх людзей, ужо паміраюць. Усе імкнуцца вучыцца па такіх модных і перспектыўных спецыяльнасцях, як, напрыклад, мехатроніка ці робататэхніка.

Новым спісам дэфіцытных прафесій могуць зацікавіцца працадаўцы. Фірмы, якія прымуць маладога чалавека, каб навучыць яго прафесіі, за тры гады падрыхтоўкі атрымаюць ад дзяржавы звыш 8 тыс. злотых (каля 2 тыс. долараў ЗША). Аднак фірмы могуць мець цяжкасці з пошукам інструктара, які згодзіцца вучыць прафесіі маладога чалавека. Спецыялістаў у некаторых галінах, пра якія згадвае спіс, на рынку вельмі мала.

Патрыцыя Ота/Клара Клінгер/нг