Каронавірус не сыходзіць з палосаў польскіх выданняў. Rzeczpospolita піша пра сітуацыю ў сталіцы Кітая Пекіне, жыхары якога значна больш, чым іншых сталіц свету, баяцца заражэння небяспечным вірусам. У горадзе жыве звыш 20 млн. чалавек, якія стараюцца зусім не пакідаць свае дамы. Улады ўвялі абавязак насіць у грамадскіх месцах спецыяльныя маскі, якія ў нейкай ступені ахоўваюць ад заражэння. Аднак у аптэках ужо немагчыма купіць такія маскі, яны скончыліся. Таму менш прадбачлівыя, хто не купіў маску, застаюцца дома, баючыся высокіх штрафаў за адсутнасць маскі. Пра гэта сказаў аўтару артыкулу адзін з карэспандэнтаў замежнага выдання, які жыве ў Пекіне.
Аграмадныя гандлёвыя цэнтры пустыя, а спецыяльныя службы мераюць тэмпературу тым нешматлікім асобам, якія адважваюцца прыйсці ў краму. Жыхары не прыводзяць дзяцей у садкі, не працуюць школы і ВНУ. Няма прэм’ераў у тэатрах, зачыненыя ўсе кінатэатры, мастацкія галерэі ды музеі, рэзка ўпала колькасць замежных турыстаў. Пекінцы і госці сталіцы баяцца сыходзіць у метро, паколькі апасаюцца, што там ім прыйдзецца ехаць у вялікім натоўпе людзей, ад якіх лягчэй заразіцца, а на самой справе цягнікі ездзяць практычна пустыя.
Полька Ізабэля Пятроўска, якая каля двух гадоў жыве ў Пекіне, запаслася ежаю. Яна перакананая, што ўлады эфектыўна змагаюцца з вірусам, яны ізалявалі горад Ухань, дзе пачалася эпідэмія. Па словах Ізабэлі, улады прынялі адпаведныя меры крыху запозна, яны павінны рэагаваць раней, а яшчэ тыдзень таму ніхто амаль не чуў пра захворванне. Цяпер жа ад людзей, якія прыехалі з правінцыі Хубэй (дзе знаходзіцца Ухань), людзі ў іншых правінцыях шарахаюцца як ад зачумленых.
Руслан Шошын/нг