Беларуская Служба

Гайнаўка падзеленая памяццю

24.02.2020 16:15
Як трэба ўшаноўваць памяць, хто гэтага заслугоўвае, а хто не, і што рабіць, калі для розных людзей адна і тая асоба з'яўляецца героем і злачынцам?
Аўдыё
Гайнаўка падчас Маршу памяці выклятых жаўнераў PAP/Artur Reszko

Гэтыя пытанні востра паставіў марш, што прайшоў у Гайнаўцы. Адныя людзі прыехалі ў гэты падляскі гарадок, каб ушанаваць жаўнера, які мае на руках кроў мірных жыхароў. Яны крычаць і выхваляюць яго імя пад вокнамі нашчадкаў яго ахвяр. Іншыя, частка жыхароў Гайнаўкі, выйшлі на вуліцы свайго гораду, каб ушанаваць памяць ахвяр таго ж жаўнера, паказаць, што не пагаджаюцца з яго выхваленнем.

Штогод 1 сакавіка ў Польшчы афіцыйна адзначаецца «Нацыянальны дзень памяці выклятых жаўнераў». Гэты дзень прысвечаны ўшанаванню памяці жаўнераў антыкамуністычнага падполля, якія змагаліся за незалежнасць Польшчы пасля ІІ Сусветнай вайны. На Падляшшы гэтае свята вось ужо пяты год стала нагодай для правядзенне акцыі, што дзеліць жыхароў гораду. У нядзелю 23 лютага ў Гайнаўцы прайшоў Марш памяці выклятых жаўнераў, які зладзіў «Нацыянальна-радыкальны лагер», фанаты ды іншыя нацыяналістычныя групоўкі. Правадыр Маршу так патлумачыў мэты правядзення акцыі.

- Мы сабраліся тут, каб ушанаваць памяць нашых стойкіх жаўнераў, выклятых, якія склалі вялізарную ахвяру крыві. Яны змагаліся з 1939 года, пазней засталіся ў падполлі, не злажылі зброі перад савецкім акупантам, які прайшоў праз Польшчу ды пакінуў тут сваю агентуру. Паслухайце, Рамуальда Райса абвінавачваюць у нейкіх смешных мэтах! Нібыта тое, што здарылася, тая прыкрая трагедыя была запланаваным дзеяннем аддзелаў ІІІ брыгады Нацыянальнага вайсковага аб’яднання. Але ж гэта было вельмі добрае войска, цяжка ўзброенае, якое змагалася з савецкім акупантам на польскіх землях. Крыўдна зводзіць іх змаганне да нечага такога! Ганьба, што мы ў Польшчы маем дачыненне з такім падыходам, калі атакуюць нашых польскіх жаўнераў, нашых герояў, якія змагаліся на ўсёй польскай зямлі, на нашых крэсах, якія нам забралі.

Акцыя выклікала неадназначнае стаўленне ў горадзе. Спачатку свой пратэст супраць Маршу заявілі мясцовыя дэпутаты. 21 лютага на сесіі гарадской Рады яны аднагалосна прынялі зварот, у якім выказалі супраціў нязгоду з правядзеннем маршу ў Гайнаўцы. Гаворыць адзін з ініцыятараў звароту дэпутат Ян Хомчук.

- Мінулае не можна змяніць, але заўсёды можна будаваць новую будучыню, паглядаючы ў мінулае. Для мяне важна, каб будучыня мяне, маіх дзяцей, жыхароў Гайнаўкі была напоўненая павагай, талерантнасцю да іншых людзей, да суседзяў, гасцей нашага гораду.

Справа ў тым, што арганізатары маршу сваім героем бачаць капітана Рамуальда Райса на мянушку «Буры». Дэпутаты Гайнаўкі ў сваім звароце «рашуча асудзілі» злачынствы, здзейсненыя падчас «рэйду Бурага» па беларускіх, праваслаўных вёсках Беласточчыны ў 1946-м годзе. Ахвяр таго рэйду – мірных жыхароў – узгадвалі напярэдадні маршу жыхары гораду, паставіўшы свечкі і чытаюцца прозвішчы загінулых. Распавядае жыхарка Гайнаўкі Ася Лапіньска.

- Наша акцыя – гэта адказ на Марш, каб паказаць другому боку, які там маршыруе ды ўсім навокал, што загінулі канкрэтныя людзі. Сярод іх былі жанчыны, дзеці, простыя людзі, што жылі ў вёсках, якіх пакаралі за нішто. Мы хацелі прыблізіць іх гісторыю і даць усім нагоду задумацца. Калі маршы пачалі хадзіць па Гайнаўцы, мы жыхары ня ведалі, што рабіць. Ці ісці і глядзець на тое, як яны крычаць свае лозунгі поўныя нянавісці, ці ісці біцца, ці зачыніцца ўдома? Сітуацыя была вельмі складаная. Мы пачуваліся бяссільнымі, бо што мы можам зрабіць з маршам, дзе крычаць, што мы кепскія патрыёты, недастатковыя палякі, каб з'язджалі ў Беларусь, калі лічым сябе беларусамі. Гэта быў для нас удар, праблема, і мы вырашылі пачаць сустракацца, быць разам у гэты момант.

Арганізатары дэкларуюць, што Марш памяці ладзіцца ў гонар жаўнераў, якія змагаліся з савецкай акупацыяй. Аднак тварам акцыі абраны Рамуальд Райс на мянушку «Буры» ды ягоны атрад, які зімой 1946-га года правёў чыстку праваслаўных вёсак у ваколіцах Бельска Падляскага. Тады загінула 79 чалавек, мірных жыхароў, у тым ліку жанчыны ды малыя дзеці. Следчы аддзел Інстытуту нацыянальнай памяці прызнаў афіцыйны гэты рэйд генацыдам. У 2005-м годзе следства было зачынена, але ацэнкі гісторыкаў адназначныя. Гэта была этнічная чыстка, кажа беластоцкі гісторык Яўген Мірановіч.

- У Бурага быў загад ачысціць тэрыторыю або прымусіць беларусаў пакінуць тэрыторыю Польшчы. Ён спаліў 5 вёсак. Пры тым жорсткасць той пацыфікацыі была такая, што не ашчаджалі нікога – ні дзяцей, ні жанчын, а этнічны крытэр быў вельмі выразны. Тады была вызначаная новая тэрыторыя Польшчы і сярод часткі нацыяналістаў існавала перакананне, што найлепш, каб Польшча была аднаэтнічнай дзяржавай. Таму яны хацелі прымусіць усіх беларусаў і праваслаўных пакінуць тэрыторыю Польшчы. Гэта ня толькі Буры рабіў, але і атрад Лупашкі таксама паліў вёскі. Гэта рабілася, каб змусіць людзей пакінуць свае дамы і зʼехаць у Савецкі Саюз. Ці трэба шукаць большага доказу, чым тое, што сталася з фурманамі, якіх у іх былі. Каталікоў яны пусцілі да хаты, а праваслаўных пакінулі ды забілі.

На думку вядомага Падляскага рэжысёра дакументаліста ды Юркі Каліны марш у цяперашняй формуле выглядае як правакацыя.

- На маю думку, і ня толькі маю, так думаюць большасць беларусаў, што жывуць на Падляшшы, і вялікая частка палякаў, – гэтыя маршы ёсць чыстай правакацыяй. Іх арганізуюць людзі, якія не ўяўляюць сабе, што такое вайна, што такое забойства мірных жыхароў, які здзейсніў атрад капітана Рамуальда Райса. Гэта ўсё даказана, апісана Інстытутам нацыянальнай памяці Польшчы, але гэтыя маладыя людзі 5 гадоў запар ладзяць марш у Гайнаўцы і крычаць, што «Буры» – наш герой. Ладзяць яго пад вокнамі нашчадкаў людзей са спаленых беларускіх вёсак. Як можна інакш назваць чым правакацыя? Ніхто тут ня супраць польскіх патрыётаў, жаўнераў, якія змагаліся за дэмакратычную Польшчу пасля вайны. Але зусім незразумела навошта выбіраць у пантэон герояў тых, хто мае на руках кроў бязвінных людзей.

На думку журналіста акцыя не мае вялікай падтрымкі на Падляшшы. Паводле ягоных падлікаў, колькасць удзельнікаў маршу малее з году ў год. Год таму паліцыя афіцыйна абвесціла, што іх было 300, сёлета падалі 100-150. З другога боку паволі але расце колькасць тых, хто проста прыходзіць ушанаваць памяць ахвяр.

Юры Ліхтаровіч