Польшча рыхтуецца «прыняць» новага каронавіруса. Тэматыка прысутнічае на першых палосах усіх выданняў. Урад краіны прыняў спецзакон, які ўводзіць выключныя ўмовы жыцця ў дзяржаве, калі паявіцца рызыка эпідэміі. У прыватнасці, дзякуючы закону, у барацьбу з распаўсюдам хваробы можа ўключыцца армія, супрацоўнікі фірмаў змогуць працаваць, не выходзячы з дому або застацца са здаровым дзіцём дома ў часе каранціна – паведамляе Rzeczpospolita.
Выданне піша таксама, што галоўным метадам прафілактыкі з’яўляецца гігіена рук. Неабходна як мага часцей мыць рукі з мылам, лепш за ўсё антыбактэрыйным. Праблема ў тым, што ў некаторых польскіх школах не хапае нават звычайнага мыла, не кажучы ўжо пра антыбактэрыйнае. Акрамя таго, многія сярэднія школы перапоўненыя, школьнікі могуць толькі памарыць пра рэкамендаваную адлегласць ад іншых вучняў – як мінімум адзін метр.
Gazeta Prawna дадае, што палякі масава выкупляюць не толькі макароны і мыла, але таксама лякарствы. Віцэ-старшыня галоўнай палаты аптэк Марэк Томкаў іранізуе, што некаторыя бачаць у каронавірусе, якога нават яшчэ няма ў Польшчы, трэцюю сусветную вайну. Фармацэўты стараюцца супакойваць кліентаў і нагадваюць ім, што парацэтамол ніяк не дапаможа ў барацьбе з вірусам. Спецыялісты тлумачаць, што няма падставаў, каб рабіць запасы лекавых прэпаратаў, якія прыйдзецца пазней выкінуць. Пры гэтым эксперты выказваюць боязі, што праз некалькі тыдняў у аптэках можа паявіцца дэфіцыт важных медыкаментаў.
нг