Каронавірус атакуе Польшчу. Сітуацыя мяняецца настолькі дынамічна, што невядома, колькі чалавек будзе заражана, калі гэты матэрыял будзе ісці ў эфіры.
У апошнія дні бадай што найбольш працавітым польскім чыноўнікам з’яўляецца міністр аховы здароўя Лукаш Шумоўскі. Яму адведзеная непрыемная роля інфармавання грамадства аб чарговых выпадках распаўсюджвання каронавіруса ў Польшчы. А сітуацыя мяняецца хутка: сёння раніцою ў краіне было восем чалавек з пацверджаным дыягназам, а днём, на момант падрыхтоўкі сюжэту, ужо 17.
Актуальна ў Польшчы больш за 170 чалавек шпіталізаваныя. Ва ўстановах аховы здароўя адбываецца іх дыягназаванне на прадмет заражэння вірусам. Больш за 4 тыс. грамадзян ахопленыя хатнім каранцінам, сказаў Лукаш Шумоўскі на спецыяльнай прэс-канферэнцыі.
- Мы пастаянна павялічваем у шпіталях колькасць месцаў у інфекцыйных аддзяленнях. Акрамя таго, разглядаецца магчымасць перакваліфікацыі некаторых бальніц з агульных у інфекцыйныя. Разглядаецца таксама пытанне закрыцця некаторых школ у залежнасці ад развіцця сітуацыі.
Міністр нагадаў, што грамадзяне, ахопленыя хатнім каранцінам, не маюць права пакідаць свайго дому альбо кватэры. Чалавек, які парушыць згаданую забарону, можа за гэта адказваць нават паводле Крымінальнага кодэксу. Такую магчымасць прадбачыць новы закон аб барацьбе з каронавірусам, які прыняў на днях польскі парламент.
Пры гэтым кіраўнік Мінздароўя зазначыў, што паліцыя ды іншыя адпаведныя службы, а таксама санітарная служба будуць не толькі сачыць за выконваннем рэжыму каранціна, але таксама дапамагаць грамадзянам, якія згаданым каранцінам ахопленыя. Выконванне каранціна вельмі важнае для бяспекі ўсяго грамадства, сказаў Шумоўскі.
- Мы разглядаем магчымасць узмацнення кранціна. Пра гэта размаўляем з паліцыяй ды іншымі сілавымі структурамі. Адначасова мы хочам дапамагчы людзям, якія ахопленыя каранцінам, бо частка – гэта грамадзяне, якія ня маюць сям’і і м патрэбная дапамога. За гэта адказваюць ваяводы.
Лукаш Шумоўскі таксама падкрэсліў, што прыняты спецыяльны закон дазваляе павялічыць фінансаванне польскіх бальніц.
- Я падпісаў распараджэнне, згодна з якім шпіталі атрымаюць дадатковыя фінансавыя сродкі, калі яны панеслі страты ў сувязі з барацьбой з каронавірусам. Акрамя таго, закон дазваляе выкарыстаць фінансавыя сродкі, прызначаныя на вырашэнне крызісных сітуацый – гэта 1 млрд 300 млн. злотых. Гэта закон, які працуе на практыцы, а не толькі на паперы.
У Польшчы таксама могуць быць адкліканыя масавыя мерапрыемствы. Адпаведныя рашэнні па меры патрэбы прымаюцца ваяводамі. У сваю чаргу на правядзенне такога мерапрыемства патрэбны спецыяльны дазвол ваяводы. Галоўны санітарны інспектар Польшчы ўчора выдаў рэкамендацыю адкласці мерапрыемствы, калі колькасць удзельнікаў перавышае 1 тыс. чалавек. Рэкамендацыя датычыць мерапрыемстваў, якія запланаваныя ў закрытых памяшканнях. Міністр аховы здароўя Польшчы нагадаў, што рашэнне ваяводы аб забароне мерапрыемства канчатковае і не падлягае абскарджанню.
- Калі нехта хоча правесці масавае мерапрыемства, то з адпаведным рашэннем неабходна звярнуцца да ваяводы. Згодна з рэкамендацыяй Галоўнага санітарнага інспектара ваявода можа адмовіць у правядзенні мерапрыемства альбо адклікаць раней прынятае рашэнне. Калі ж нехта вырашыць праігнараваць пастанову ваяводы, то такое мерапрыемства будзе мець статус нелегальнага.
Паводле спецыялістаў, у Германіі і Італіі менавіта масавыя мерапрыемствы прычыніліся да распаўсюджвання віруса.
Тым часам на польскай мяжы сёння былі ўведзеныя санітарныя пасты. Узмоцненая праверка перамяшчаемых асоб і грузаў адбываецца на заходняй польскай мяжы, якая дэ-факта не існуе як унутраная мяжа Еўрасаюза. Усходнюю мяжу ўзмацняць пакуль не трэба, бо гэта – знешняя мяжа супольнасці.
Старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль склікаў тэлеканферэнцыю кіраўнікоў урадаў членскіх краін Еўрасаюза з мэтай выпрацоўкі дзеянняў у барацьбе з каронавірусам. «Мы павінны супрацоўнічаць у імя аховы здароўя нашых грамадзян», – зазначыў еўрачыноўнік.
вс
слухайце аўдыёфайл