Паводле дадзеных перапісу насельніцтва прыкладна 21% насельніцтва Беларусі – гэта моладзь ва ўзросце ад 16 да 29 гадоў. Аднак амаль уся моладзевая палітыка Беларусі, за выключэннем спорту, фактычна зводзіцца да загону маладзёнаў у шэрагі БРСМ, які па праву лічыцца спадкаемцам савецкага камсамолу. Такі стан рэчаў не задавальняе значную частку моладзі Беларусі, а патугі беларускай дзяржавы, накіраваныя на мабілізацыю маладога насельніцтва ў шэрагі БРСМ, выглядаюць смешна і недарэчна.
Аляксей Дзеніс з Валожына, які зараза вучыцца ў Мінску, лічыць, што беларуская дзяржава інструментальна ставіцца да моладзі, менавіта з гэтае прычыны юнак далучыўся да «Грамадзянскага Форума»:
- Я не хачу быць нейкім вінцікам у гэтай сістэме, мяне гэта не цікавіць. Я хачу самаўдасканальвацца і расці самому. Мне не трэба актыўнасць для нейкай паперчыны, для галачкі. Мне гэта не трэба і мае погляды разыходзяцца з дзяржаўнай палітыкай.
Я прыйшоў у «Грамадзянскі форум», бо шукаў аднадумцаў, цікавых людзей. Хоць і жыву ў Мінску, але мне не хапала пляцоўкі, не хапала адпаведнага кола людзей. Наша суполка рэгулярна сустракаецца раз на два тыдні, абмяркоўваем праекты арганізацыі, а таксама вырашаем нейкія асабістыя пытанні. Я адчуваю, што гэта спрыяе майму асабістаму росту. Я знайшоў людзей, якія падзяляюць мае каштоўнасці. (...)
«Грамадзянскі форум» з’яўляецца адным з асноўных гульцоў у прасторы недзяржаўных моладзевых арганізацыяў Беларусі. «Форум» паўстаў у 1995 годзе, цягам сваёй гісторыі ён перажываў цяжкія хвіліны, аднак цяпер арганізацыя пастаянна знаходзіць новых прыхільнікаў. Намеснік старшыні «Грамадзянскага Форуму» Ігар Нікіцін пераконвае ў тым, што маладзёнаў вабяць ліберальныя каштоўнасці:
-Мы з’яўялемся адзінай ліберальнай моладзевай арганізацыяй у Беларусі. Я перакананы, што лібералізм – такая ідэалогія, якая вельмі пасуе акурат моладзі. У моладзі няма нічога, акрамя таленту, розуму, адукацыі і жадання дзейнічаць. Адна з асноваў лібералізму – гэта роўнасць магчымасцяў. Нам нічога болей не патрэбна, апроч роўнасці магчымасцяў. (...)
Нам вельмі непрыемна, што ў Беларусі створаныя ўмовы нячэснай канкурэнцыі паміж моладзевымі арганізацыямі. Перад усім я маю на ўвазе паталагічную дамінацыю БРСМ. Мы ніякім чынам не стасуемся з гэтай арганізацыяй, мы не прызнаем яе легітымнасці, асуджаем метады іх працы. Недапушчальна заганяць моладзь у гэтую арганізацыю, бо актыўнасць і выбар моладзі павінен грунтавацца на каштоўнасцях, якія яна гатовая абараняць. БРСМ будуецца на супрацьлеглых прынцыпах. (...)
Менавіта з гэтае прычыны, для нас закрыты доступ да традыцыйнай працы з моладдзю, мае на ўвазе, дзейнасць ва ўстановах адукацыі, у цэнтрах моладзевай і дзіцячай творчасці. І гэта пры тым, што мы афіцыйна зарэгістраваная арганізацыя! На шчасце, у часы інтэрнэту, праз новыя медыя мы мае вялікія магчымасці распаўсюджваць ліберальныя каштоўнасці сярод беларускай моладзі.
Лізавета Наўроцкая з Ліды ўжо цягам некалькіх гадоў удзельнічае ў розных праектах «Грамадзянскага Форуму», дзяўчына спалучае грамадскую дзейнасць з працай у дзяржаўнай установе адукацыі. Лізавета перакананая, што беларуская моладзь шукае альтэрнатывы дзяржаўнай прапанове ў сферы моладзевай палітыкі:
-Змены ў думках моладзі, у яе рашэннях я бачу нават на ўласным прыкладзе. Мы развіваемся, эвалюцыянуем – час браць адказнасць на сябе. Хочацца, каб у беларускай моладзі павышаўся ўзровень грамадзянскай свядомасці, бо жаданне зменаў ужо ёсць!
З чальцамі беларускай моладзевай арганізацыі «Грамадзянскі Форум» размаўляў Эдуард Жолуд.
Слухайце аўдыё!