Супольнасць па-польску – такі артыкул друкуе выданне Rzeczpospolita. Псіхалагічная падтрымка, прагулка з сабакам, пакупкі для старэйшых людзей ці знаходжанне ў каранціне – становяцца меншай праблемай, чым у часе перад эпідэміяй. У абліччы пагрозы жыццю і здароўю людзі знаходзяць у сабе больш зычлівасці, чым звычайна.
- Прысутнасць ворага мабілізуе да супольных крокаў. А паколькі цяпер пагроза велізарная, людзі адмаўляюцца ад спаборніцтва на карысць клопату пра супольнае дабро. Так лягчэй выжыць, – кажа прафесар Збігнеў Нэнцкі, псіхолаг грамадства.
З самага пачатку каранціну ў інтэрнэце дзейнічае група «Бачная рука». У ёй сустракаюцца людзі, якія хочуць дапамагчы, з тымі, каму дапамога патрэбная.
- Тыя, хто прапануе людзям, якія чакаюць вынікаў на наяўнасць каранавірусу, бескарысную дапамогу – героі гэтага часу. Прыносячы пакупкі, яны ставяць сябе пад пагрозу, – гаворыць педагог і псіхолаг, прафесар Марыюш Енджэйка.
Палякі таксама ахвотна дзеляцца тым, што маюць. Напрыклад, пякарня «Cała w Mące» раздае хлебную закваску, каб дома самому можна было пячы хлеб. Справа ў тым, каб на вуліцах паяўлялася як мага менш людзей.
Каб лягчэй вытрымаць у каранціне, музеі праводзяць віртуальныя шпацыры, тэатры і оперы даюць бясплатны доступ да сваіх калекцый.
Бескарысную дапамогу атрымліваюць кіроўцы грузавых аўтамабіляў, якія доўгімі гадзінамі стаяць у чэргах на мяжы. Валанцёры прывозяць ім ваду і прадукты.
-Хацелася б, каб гэтае пачуццё еднасці засталося ў грамадстве на даўжэй. Аднак, я перакананы, што гэта міне разам з пандэміяй. Так здарылася пасля катастрофы прэзідэнцкага самалёту ў Смаленску і пасля смерці Яна Паўла ІІ, – гаворыць прафесар Нэнцкі.
Адначасова не ўсе адчуваюць неабходнасць падтрымкі іншых. Цэны ў крамах значна пайшлі ўверх. Прагнасць многіх уладальнікаў крам праявілася ў поўнай красе, бо яны адчулі нагоду зарабіць – зазначае прафесар Енджэйчак. Паводле яго, гэтая з’ява будзе паглыбляцца разам з развіццём эпідэміі. – Калі даходзіць да барацьбы за выжыванне, то ў чалавека праяўляюцца найгоршыя інстынкты – падводзіць вынік суразмоўцы выдання.
ав