25 сакавіка 1918 года Рада БНР прыняла ІІІ Устаўную грамату – упершыню ў гісторыі беларусы абвесцілі незалежнасць сваёй дзяржавы. На жаль віхуры гісторыі не далі БНР шанцаў паўстаць паўнавартаснай і самастойнай дзяржавай, але яна стала сімвалам і пунктам адліку для будучых пакаленняў змагароў за беларушчыну. Пра гістарычнае значэнне Беларускае Народнае Рэспублікі распавядае доктар гістарычных навук, выкладчык Варшаўскага Універсітэту Юры Грыбоўскі:
-Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі заклала падмурак важнай традыцыі – упершыню на свеце было заяўлена пра існаванне беларускай дзяржавы. Няважна, што БНР не была ў стане абараніць межы, забяспечыць сваё існаванне, але пра намеры беларусаў пачулі. 25 сакавіка 1918 года беларус выразна ўзышоў на палітычную арэну і потым ужо ніколі з яе не сыходзіў.
БНР – гэта ў першую чаргу не падзеі ды нейкія даты, БНР – гэта людзі. Сотні і тысячы людзей, якія заангажаваліся ў беларускі нацыянальны рух, удзельнічалі ў самых разнастайных структурах. Гэтыя людзі былі свядомымі беларусамі, якія былі гатовыя аддаць сваё жыццё дзеля ажыццяўлення ідэяў БНР. (...)
У плане сімвалаў ды ідэалаў роля абвяшчэння БНР, Акту 25 сакавіка, цяжка пераацаніць. Усе наступныя пакаленні, наступныя хвалі беларускага нацыянальнага адраджэння спасылаліся на 25 сакавіка 1918 года.
Незалежна ад таго, што БНР як паўнавартасная дзяржава так і не паўстала, пасля Першай сусветнай вайны яе не існавала на мапах Еўропы, БНР стала ключавым этапам у нацыятворчым і дзяржаватврочым развіцці беларускага народу. Перакананы, зараз ніхто не ў стане аспрэчыць дадзены факт. (...)
З гісторыкам Юрыям Грыбоўскім размаўляў Эдуард Жолуд.
Слухайце аўдыё!