Вось ужо некалькі тыдняў у Польшчы і ў свеце выпускі навін па радыё, тэлебачанні і на парталах нагадваюць зводкі з фронту. З другога боку, і сапраўды ідзе вайна з нябачнай пагрозай, якая называецца SARS-CoV-2. Каранавірус паставіў на галаву жыццё мільёнаў людзей – больш за тое, спецыялісты зазначаюць, што да нармальнай сітуацыі мы будзем вяртацца працяглы час.
Каранавірус ускладніў не толькі грамадскае, палітычнае і эканамічнае жыццё, але таксама рэлігійнае і сямейнае. Палякі належаць да адной з найбольш рэлігійных нацый у Еўропе. І нават калі нехта не з’яўляецца моцна веруючым, то адзначэнне Раства і Вялікадня ў краіне мае вялікае традыцыйна-сямейнае значэнне. Сёлета большасць сем’яў не сустрэнецца разам на Вялікдзень, які будзе адзначацца ў бліжэйшую нядзелю і панядзелак. У сувязі з эпідэміяй, якая аб'яўленая на тэрыторыі Польшчы, урад краіны заклікае грамадзян застацца дома і адмовіцца ад падарожжаў на свята. Па-другое, самі палякі, перш за ўсё моладзь, адмаўляюцца ад паездак да сям’і і сустрэч за велікодным сталом, каб не заразіць вірусам старэйшага пакалення, для якога SARS-CoV-2 можа несці смяротную пагрозу.
Мы заклікаем палякаў адмовіцца ад паездак, сказаў кіраўнік Канцылярыі прэмʼер-міністра Польшчы Міхал Дворчык.
- Гэта сурʼёзная праблема, бо Вялікдзень – гэта сямейнае свята і час сустрэч з блізкімі. У сённяшняй сітуацыі самае галоўнае – гэта жыццё людзей, не толькі здароўе. Таму мы рэкамендуем адмовіцца ад паездак і застацца дома.
Нагадаем, амаль тыдзень таму ўрад Польшчы ўвёў чарговы абмежаванні. У прыватнасці, былі закрытыя паркі і месцы адпачынку, гарадскія станцыі пракату ровараў, салоны прыгажосці і цырульні.
У крамах могуць знаходзіцца толькі тры чалавекі ў разліку на адну касу. З 10-й да 12-й гадзіны крамы і аптэкі абслугоўваюць выключна грамадзян, старэйшых за 65 гадоў.
Нармальна працуюць прадуктовыя крамы, аптэкі, касметычныя крамы і крамы з бытавой хіміяй, некаторыя прамысловыя крамы.
Жыхарам краіны дазваляецца выходзіць з дому толькі па важнай прычыне: на працу, за пакупкамі, у аптэку. За парушэнне рэжыму пагражаюць высокія штрафы.
Але, нягледзячы на просьбы ўлад і фінансавыя пакаранні, ёсць людзі, якія парушаюць спецрэжым, не разумеючы, што іх безадказныя паводзіны могуць прывесці да пагрозы здароўю і жыццю іншых грамадзян.
У апошнія дні ў Польшчы вельмі прыгожае, сонечнае і сапраўдны вясенняе надвор’е. Некаторыя жыхар заходнепольскага Шчэціна ў выходныя вырашылі памыць аўтамабілі. Сабраўшыся ў чарзе ля мыйкі, яны дапамаглі адно паліцыі, якая не мусіла нікуды далёка ехаць, а штрафавала на адным месцы.
Эпідэмія каранавіруса – гэта таксама вялікая эканамічная праблема. Польскі эканамічны інстытут прааналізаваў актуальную сітуацыю рынку працы і прадпрыемстваў. З даследавання экспертаў вынікае, што 46% фірм плануе абрэзаць зарплаты супрацоўнікам, а 28% будуць прымушаныя правесці звальненні персаналу, гаворыць прадстаўнік інстытуту Анджэй Кубісяк.
- Каранавірус безумоўна аказаў негатыўны ўплыў на фінансавую сітуацыю прадпрыемстваў. У 57% фірм даходы ўпалі ў сакавіку ў параўнанні з лютым, у 62% кампаній значна зменшыліся заказы на прадукцыю альбо паслугі. Гэта важная інфармацыя ў кантэксце бізнэс-планавання на наступныя месяцы.
У эканамічным плане эпідэмія закране кожнага грамадзяніна, бо гаспадарчыя сувязі ў сучасным свеце настолькі цесныя, што праблемы ў адной краіне адгукаюцца ў іншай дзяржаве, сказаў нашаму радыё сацыёлаг і эканаміст Міхась Залескі.
У Польшчы, зразумела, шмат цяжкасцей не толькі эканамічнага, але і медыцынскага характару: не хапае персаналу, аснаджэння, сродкаў асабістай аховы. Але існуе падрыхтаваная спецыяльная бальнічная інфраструктура і ёсць тэсты на каранавірус. Да сённяшняга дня зроблена больш за 85 тыс. тэстаў. Кожныя суткі выконваецца каля 8 тыс. тэстаў, а патэнцыял польскіх лабараторый складае 13 тыс. 500 тэстаў. У Польшчы аналізам тэстаў займаецца 49 лабараторый, сказаў міністр аховы здароўя краіны Лукаш Шумоўскі.
- Кожнаму пацыенту, у якога існуе падазрэнне каранавіруснай інфекцыі, павінен быць зроблены тэст. Запасы тэстаў у нас ёсць. Мы падпісалі кантракт на імпарт 800 тыс. тэстаў, 150 тыс. штук завезена ў лабараторыі, а 170 тыс. знаходзіцца на складах у Польшчы.
Цяжкая сітуацыя прымусіла таксама па-іншаму зірнуць на штодзённае жыццё, зрабіць пераацэнку каштоўнасцей, пераабраць аўтарытэтаў і герояў. А сучаснымі героямі ў Польшчы, але і ў іншых краінах, бясспрэчна з’яўляюцца медыкі, якія пад пагрозай свайго здароўя знаходзяцца на першай лініі агню. І за гэта грамадзтва ім удзячнае, прычым не толькі словамі, але і дзеяннямі: рэстараны дастаўляюць бясплатныя абеды, таксі бясплатна возяць на працу, а звычайныя грамадзяне ў сеціве збіраюць грошы на асноўныя патрэбы медыкаў.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл