Беларуская Служба

У Варшаве 93-гадовы кравец не збіраецца ісці на пенсію

14.04.2020 16:41
Спадар Юзэф гаворыць, што працаваць будзе, «колькі госпадзь Бог дазволіць»
.
.nebulosagrafica/pixabay.com/free images for commercial use

Gazeta Wyborcza публікуе размову з 93-гадовым краўцом, спадаром Юзэфам. Нягледзячы на тое, што мужчына ў сур’ёзным узросце, ён надалей працуе і шые ды перарабляе розныя рэчы для кліентаў.

Першую рэч ён пашыў у 1944 годзе, падчас нямецкай акупацыі. І з таго моманту займаецца сваёй любімай справай. Сваю ўласную майстэрню ён мае ў старым варшаўскім мікрараёне Воля. У гэтым месцы ён ажно 50 гадоў, раней працаваў у іншых. «Неяк не атрымліваецца ў мяне пайсці на пенсію», – кажа спадар Юзэф і зазначае, што раней ніколі не думаў, што дажыве да такіх гадоў. А які сакрэт даўгалецця? – запыталася журналістка газеты.

«Па-першае, ніколі не пераядаю, але дыет таксама ніколі не было. А па-другое, на ўсе хваробы ў мяне – наліўкі ўласнай вытворчасці. Напрыклад, настойкі на грэцкіх арэхах альбо айве. Вельмі добра дапамагаюць на страўнік ды рознага роду болі», – кажа майстар кравецтва і дадае, што працаваць будзе, «колькі госпадзь Бог дазволіць», – чытаем на старонках выдання Gazeta Wyborcza.


вс