50 тысяч літраў дэзынфекцыйных сродкаў, 30 тысяч літраў антысептычных сродкаў, а таксама 100 тысяч хірургічных масак – дапамога ўрада Польшчы, накіраваная беларускаму народу для барацьбы з распаўсюджваннем эпідэміі каранаівруса. Гуманітарны канвой, які дастаўляе Дзяржаўная пажарная варта Польшчы, ўвечары 23 красавіка вырушыў з Варшавы ў Мінск.
У афіцыйнай цырымоніі перадачы гуманітарнай дапамогі ўдзельнічалі шэф Канцылярыі прэм'ера Польшчы Міхал Дворчык, амбасадар Беларусі ў Польшчы Уладзімір Чушаў, камендант Дзяржаўнай пажарнай службы Анджэй Бартковяк, а таксама намеснік міністра дзяржаўных актываў Мацей Малецкі і намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач.
Кіраўнік Канцылярыі польскага прэм’ера Міхал Дворчык перакананы, што такое супрацоўніцтва эфектыўна ўзмацняе добрасуседскія адносіны паміж палякамі і беларусамі:
-Польшча, Еўропа, увесь Свет сутыкнуліся з вялікай пагрозай, з пандэміяй каранавіруса. Гэта вялікі выклік, сур’ёзная праверка для ўсіх нацыянальных урадаў. Адначасова пандэмія – гэта выклік для міжнароднай салідарнасці.
Неад’емнай часткай міжнароднай палітыкі Польшчы з’яўляюцца як мага лепшыя адносіны са сваімі суседзямі. Мы хочам будаваць такія адносіны з Беларуссю. Дапамога беларускаму народу стала выражэннем нашага братэрства і салідарнасці. Палякі могуць падзяліцца з беларусамі сваёй падтрымкай, на сёння, гэта сродкі асабістай абароны і дэзынфекцыйныя сродкі.
Хачу выказаць вялікую радасць, з таго факту, што частка гэтай дапамогі трапіць да беларускіх палякаў.
Я глыбока перакананы, што такія дзеянні самым эфектыўным чынам узмацняюць польска-беларускія адносіны.
У сваю чаргу Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Беларусі ў Польшчы Уладзімір Чушаў падзякаваў польскаму боку і анансаваў супрацу польскіх і беларускіх медыкаў:
-Сярод іншага дапамога трапіць у дзве лякарні ў Гродна і ў Раённую лякарню ў Воранаве. Вядома гэтыя сродкі разыдуцца па ўсёй Беларусі, бо размеркавальнікам будзе Рэспубліканскі цэнтр. Паводле падобных працэдураў была размеркавана дапамога, накіраваная ў Беларусь з КНР, Расіі і з Узбекістану.
Таксам мы плануем абмен вопытам паміж польскімі і беларускімі медыкамі. Мы ведаем, што польскія лекары ўжо працавалі ў Італіі і Славеніі. Вельмі хацелі бы пераняць вопыт польскага боку па барацьбе з каранавірусам. А цяпер выказваю вялікую ўдзячнасць за тое, што першы транш дапамогі ўжо будзе ў Беларусі.
У сваю чаргу намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач прыгадаў словы класіка польскай літаратуры, сына беларускай зямлі Адама Міцкевіча – сапраўдныя сябры пазнаюцца ў бядзе:
-Пяць фураў вырушылі ў Гродна, а потым у Мінск. У фурах знаходзіцца 80 тысяч літраў дэзынфекцыйных срордкаў, 100 тысяч масак, а таксама некаторыя лекі. На шчасце, урад Польшчы ў стане аказаць такую дапамогу брацкаму беларускаму народу, бо мы гэтым забяспечаны.
Для нас гэта вельмі важная падзея менавіта ў кантэксце суседскай салідарнасці, мы хочам дапамагчы Беларусі. Мы дапамагаем Беларусі таксама як дапамагалі нашым саюзнікам па НАТА, напрыклад Італіі, Іспаніі ці Албаніі. Усе мы добра разумеем – эпідэмія не мае межаў, барацьба з хваробай з’яўляецца нашым супольным заданнем.
Цешуся добраму супрацоўніцтву з беларускімі уладамі. Пры нагодзе хачу падзякаваць амбасадару Беларусі спадару Чушаву, які асабіста быў заангажаваны ў арганізацыю гэтай дапамогі. Сапраўдныя сябры пазнаюцца ў бядзе, грунтуючыся на гэтым, мы будуем нашыя адносіны з Беларуссю.
Канвой прыбыў ў Мінск 24 красавіка. У цырымоніі перадачы дапамогі прымаў ўдзел Амбасадар Польшчы ў Беларусь Артур Міхальскі.
Гуманітарная дапамога была закуплена за кошт дзяржаўнага бюджэту Польшчы пры каардынацыі Міністэрства аховы здароўя, а ў якасці пасярэдніка пры перадачы выступіў Фонд міжнароднай салідарнасці.
Атрымальнікам гуманітарнай дапамогі зʼяўляецца вызначаны Міністэрствам аховы здароўя Беларусі Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання ў Мінску. Частка дароў прызначана для Гродна і Воранава. Польскі бок падкрэслівае, што частка гуманітарнай дапамогі трапіць да польскай нацыянальнай меншасці, прадстаўнікі якой пражываюць на Гарадзеншчыне і карыстаюцца паслугамі тамтэйшых медычных устаноў.
Аказваючы дапамогу Беларусі ў барацьбе з пандэміяй каранавіруса новага тыпа Польшча дэманструе салідарнасць суседзяў і рэалізуе свае абавязкі ў адпаведнасці з «Дамовай аб добрасуседстве і прыязным супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь», падпісанай у 1992 годзе.
Матэрыял падрыхтаваў Эдуард Жолуд.
Слухайце аўдыё!