У рамках кампаніі Polonia for Neigbours (Палякі замежжа для суседзяў) польскае міністэрства замежных спраў аказвае фінансавую падтрымку розных праектаў, якія ладзяцца палякамі, што пражываюць за межамі Польшчы.
Гаворка ідзе між іншым пра тое, каб паказаць суседскую салідарнасць асобаў польскага паходжання ў мясцовым асяроддзі. На дадзены момант усе сілы кінутыя на барацьбу з хваробай COVID-19 і прафілактыку захворвання. Пра тое, якая дзейнасць палякаў Гарадзеншчыны атрымлівае дапамогу з Польшчы, расказвае генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк (Jarosław Książek).
- Неабходна ўзяць пад увагу даволі спецыфічную сітуацыю палякаў Гарадзеншчыны, прынамсі часткі жыхароў польскага паходжання. Іх актыўнасць вынікае з вельмі шчырага жадання дапамагчы, а консул толькі аказвае ім падтрымку. Саюз палякаў у Беларусі распачаў акцыю, у рамках якой ідзе пашыў санітарных масак для беларускіх паліклінік і бальніц. Гэтая акцыя адбываецца не толькі ў Гродне, таксама ў Лідзе. Мы падключыліся да кампаніі, перадалі сродкі на пакупку матэрыялу. У выніку некалькі тысяч масак было перададзена ў лідскія цэнтры аховы здароўя і ў станцыю хуткай дапамогі ў Гродне. Акцыя будзе працягвацца, я спадзяюся, што яшчэ на гэтым тыдні або на наступным чарговыя сродкі індывідуальнай аховы будуць перададзеныя медыкам. У Гродне лекары атрымалі дзве тысячы масак, за якія выразілі вялікую ўдзячнасць, паколькі ў сённяшніх абставінах такія рэчы вельмі патрэбныя, іх не хапае.
Шыццё санітарных масак – гэта не адзіная акцыя, якая адбываецца пры падтрымцы польскіх дзяржаўных уладаў. Працягвае консул Яраслаў Ксёнжэк.
- Таксама па прапанове міністэрства замежных спраў Польшчы і па просьбе беларускага боку нядаўна ў Гродна з Польшчы быў дастаўлены гуманітарны груз з рэчамі, якія дапамогуць у барацьбе з распаўсюдам каранавіруса. Гэта былі маскі, сродкі для дэзынфекцыі. Частка гэтага грузу засталася ў Гродне, а частка была адпраўлена ў Мінск. Мы пастараемся і далей ладзіць розныя акцыі, не толькі ў Гродне, таксама ў іншых населеных пунктах. Гэта дапамога, канешне, не такая вялікая, якая магла бы быць, часам яна сімвалічная, але палякі такім чынам паказваюць, што яны не забываюць пра людзей у бядзе, яны салідарныя з іншымі.
Эпідэмія каранавіруса, па зразумелых прычынах, рэзка абмежавала дзейнасць арганізацый, якія гуртуюць людзей польскага паходжання. Таму такія акцыі, накіраваныя на барацьбу з вірусам, вельмі патрэбныя, паколькі яны яднаюць, узмацняюць розныя групы людзей, у тым ліку палякаў замежжа.
- Так, гэта праўда. Акрамя таго, гэтыя акцыі паказваюць, што палякі Беларусі актыўныя, і што яны актыўныя не толькі тады, калі ўсе ў парадку, не адбываецца нічога надзвычайнага, але таксама тады, калі многім прыходзіцца перамагаць розныя цяжкасці, калі неабходна аказваць дапамогу. Нельга забываць пра тое, што людзі аднолькавыя, кожны можа захварэць, з кожным можа здарыцца найгоршае. Тут няма падзелаў, таму мы павінны ўсе разам прыкласці ўсе намаганні, каб гэтую страшную эпідэмію перамагчы.
Ці ў вашым распараджэнні ёсць дадзеныя, ці палякі на Гарадзеншчыне хварэюць на COVID-19?
- У гэтым сэнсе палякі, канешне, раздзяляюць лёс іншых жыхароў Беларусі, у тым ліку Гарадзеншчыны. У нас няма інфармацыі, што хварэюць асобы польскага паходжання. Магчыма, гэта вынік прынятых мераў асцярожнасці. Школы, дзе дзеці вывучаюць польскую мову, узялі прыклад з Польшчы і адмянілі заняткі, увялі дыстанцыйнае навучанне. Можа, дзякуючы гэтаму пакуль што няма выпадкаў захворвання, і, дай Божа, каб іх не было зусім або было як мага менш.
У гэтых цяжкіх абставінах мяняюцца таксама прынцыпы дзейнасці польскіх дыпламатычных устаноў за межамі Польшчы. Ці польскае консульства змяніла прынцыпы прыёму наведвальнікаў?
- Так, канешне. Мы – невялікі астравок Польшчы ў Беларусі, таму мы трымаемся ўсіх нормаў, якія былі прынятыя ў Польшчы. Мы афармляем толькі тыя справы, якія немагчыма перанесці на пазнейшы перыяд. Раней да нас прыходзіла некалькі сотняў кліентаў штодзённа. Цяпер, зразумела, няма магчымасці прымаць столькі людзей, афармляем толькі неабходныя справы, напрыклад, візы для кіроўцаў, якія пастаўляюць грузы. Вядома, што ў Польшчы ідзе падрыхтоўка да чарговага этапу адмены часткі абмежаванняў, мы таксама рыхтуемся да ўзнаўлення супрацоўніцтва з візавымі цэнтрамі ў Беларусі. Я спадзяюся, што пасля 3 траўня мы зноў пачнем разглядаць візавыя заявы, якія паступаюць з візавых цэнтраў. І гэта будзе пачатак вяртання да нармальнага рэжыму работы.
Афармленне візаў для грамадзян Беларусі – гэта толькі адзін з элементаў працы польскага консульства ў Гродне.
- Гэта, канешне, і Карты паляка, і дзясяткі юрыдычных пытанняў, якія патрабуюць гутаркі з консулам, разгляду дакументаў. Пакуль што мы не можам гэтага рабіць, таму чакаем, калі можна будзе вярнуцца да нармальнай працы. У нас вельмі шмат справаў, як візавых, так і звязаных з рознымі дакументамі. Гэта, праўда, не залежыць ад нас, але мы вельмі чакаем, калі санітарны рэжым закончыцца, каб можна было прымаць наведвальнікаў.
Мы жадаем як жыхарам Беларусі, так і Польшчы, каб эпідэмія як мага хутчэй закончылася. А нашым госцем быў генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк.
Польская служба/нг