Гэтае польскае свята ўстаноўлена ў 2002 годзе Сеймам Польшчы па ініцыятыве Сенату. Дзень з’яўляецца доказам удзячнасці за шматгадовы ўклад палякаў за мяжой у атрыманне Польшчай незалежнасці, вернасці і прывязанасці да польскасці, а таксама за дапамогу краіне ў цяжкім момантах.
Свята палякаў замежжа адзначаецца ва ўсім свеце. Лічыцца, што за межамі Польшчы жыве каля 20 млн чалавек польскай нацыянальнасці. Цяпер больш за ўсё палякаў пражывае на амерыканскім кантыненце, але значная частка іх ёсць у Літве, Украіне і Беларусі. Іх прысутнасць вынікае ў пераважнай большасці з гістарычнай, геапалітычнай сітуацыі і геаграфічнай блізкасці.
Саюз палякаў Беларусі – адзіная арганізацыя ў краіне, якая шмат гадоў працуе ў дастаткова цяжкіх умовах. –Мы да гэтага прызвычаіліся, – гаворыць старшыня СПБ Анжаліка Борыс.
- Цяпер умовы сталі яшчэ больш цяжкімі, паколькі ва ўмовах пандэміі каранавіруса стасункі з людзьмі сталі немагчымымі. СПБ увёў 16 сакавіка каранцін. Мы з’яўляемся адзінай арганізацыяй, якая ўвяла абмежаванні ў кантактах. Гэта, аднак, не азначае, што саюз не дзейнічае. Нашыя цэнтры навучання, а іх каля 100, працуюць дыстанцыйна. Дзеці вучаць польскую мову і гісторыю дома. Дзеячы саюзу клапоцяцца пра месцы нацыянальнай памяці. Частку культурніцкіх мерапрыемстваў мы будзем ладзіць у форме анлайн, гэта галоўным чынам розныя адукацыйныя імпрэзы і конкурсы. Зразумела, што гэта вельмі абмежаваная дзейнасць, бо мы не можам ладзіць масавыя імпрэзы з увагі на здароўе і бяспеку людзей, нашых вучняў, якія для нас найважнейшыя.
Анжаліка Борыс расказвае, што Саюз палякаў Беларусі таксама далучыўся да акцыі дапамогі медустановам. Дзеячы перадалі ў Бальніцу хуткай дапамогі ў Гродне больш за 2 тысячы ахоўных масак. У наступным тыдні чарговыя 2 тысячы будуць перададзеныя ў іншую бальніцу. Да акцыі далучыліся дзеячы СПБ, якія самастойна шыюць маскі.
Цяжка прагназаваць, што будзе далей, але СПБ падрыхтаваўся да розных варыянтаў працы – дадае Анжаліка Борыс:
- Рэдакцыі нашых СМІ працуюць – партал znadniemna.pl, газета Głos znad Niemna, наш часопіс Magazyn, але мы не бачым у цяперашняй сітуацыі магчымасці іх друку і распаўсюджвання, паколькі гэта – небяспечна. Уся інфармацыя змяшчаецца ў інтэрнэце, на партале Саюзу палякаў Беларусі. Мы таксама адзначаем Дзень палякаў за мяжой. Нашыя вучні падрыхтавалі віншаванні з нагоды гэтага дня. Гэта важнае свята для кожнага паляка. Гэта свята, з якім звязаная нашая нацыянальная тоеснасць. Тым больш, у такім цяжкім часе мы павінны праявіць узаемную дапамогу і салідарнасць. СПБ таксама ўшануе дзень Канстытуцыі 3 мая. Аддзяленні Саюзу па ўсёй краіне 3 траўня запаляць знічы і ўскладуць вянкі каля крыжоў Паўстанцам 1863-1864 гадоў. Групы не будуць вялікія, 2-3 чалавекі, пры захаванні ўсіх сродкаў бяспекі. Такім чынам мы б хацелі ўшанаваць 229 гадавіну прыняцця Канстытуцыі 3 траўня. Цэлая цяперашняя сітуацыя вымагае ад нас змены формы працы, прыстасавання да ўмоваў, якія ёсць. У сувязі з тым, што СПБ ніколі не было лёгка, ён стала быў пад ціскам, дзеячы прыстасаваліся да новых умоваў.
Гады пераследу, канфіскацыі маёмасці, адміністрацыйныя адказнасці, медыйнай нагонкі не зменшылі рады Саюзу палякаў Беларусі. Старшыня Анжаліка Борыс адзначае, што СПБ з’яўляецца адной з самых вялікіх арганізацый у Беларусі. Саюз налічвае 110 структур у цэлай краіне.
-Мы падтрымліваем больш за 100 цэнтраў адукацыі. А яшчэ тры гады таму такіх аддзелаў было крыху больш за 80. Узніклі новыя структуры на ўсходзе Беларусі, таксама ў Брэсцкай і Віцебскай абласцях. Павялічылася колькасць чальцоў арганізацыі. Мы маем шмат прыхільнікаў сярод беларускай грамадзянскай супольнасці. Шмат беларусаў падтрымлівалі нас у нашай дзейнасці, якую мы часта вялі супраць плыні. Супраць нас былі органы ўлады, службы, якія на працягу 15 гадоў спрабавалі перашкаджаць нам дзейнічаць. Нягледзячы на гэта, арганізацыя павялічыла свае шэрагі, узмацніла сваю структуру. Я заўсёды паўтарала, што СПБ – гэта не дамы, гэта людзі. Чалавечы патэнцыял з’яўляецца для нас вельмі важным. За гэтыя гады ён захаваўся і стаў мацнейшым, не зважаючы на правакацыі ўнутры і звонку арганізацыі. СПБ сёння знаходзіцца ў добрым стане. У мінулым годзе мы правялі каля 140 мерапрыемстваў у цэлай краіне. У гэтым годзе са студзеня да сакавіка мы арганізавалі каля 50 імпрэз. Мы працавалі ў сапраўды вельмі напружаным рэжыме. Кожны з аддзелаў нешта робіць, арганізуе. Нас гэта радуе. Тым больш цяпер сітуацыя для ўсіх вельмі цяжкая. Патрэбная салідарнасць грамадзянскай супольнасці, палякаў, беларусаў, а СПБ нават у такой сітуацыя спраўляецца цалкам добра.
Саюз палякаў Беларусі быў заснаваны ў 1990 годзе, хоць яго пачатак сягае 1988 году. СПБ выводзіцца з існуючага Польскага культурніцка-асьветніцкага таварыства «Polonia».
ав