Беларуская Служба

У Польшчы адкрылі цырульні - прэм'ер краіны падстрыгся на камеру і кінуў запіс у сацсеткі (ВІДЭА)

19.05.2020 12:58
На камеры таксама падстрыгліся мэры Варшавы і Кракава.
Матэвуш Маравецкі ў цырульніпрофіль Матэвуша Маравецкага ў «Фэйсбуку»

У панядзелак у Польшчы адкрылі ўстановы грамадскага харчавання, цырульні і салоны прыгажосці. Зразумела, згаданыя аб'екты могуць працаваць пры ўмове выканання сціслых санітарна-эпідэміялагічных нормаў. Многія палякі чакалі адкрыцця згаданых устаноў, асабліва цырульняў. Шмат хто не стрыгся, бо не былой легальнай магчымасці, і як толькі салоны адкрылі, людзі ў іх кінуліся. Сярод палякаў, хто вырашыў падстрыгчыся, быў і прэмʼер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, паведамляе Gazeta Wyborcza. Прычым працэс візіта ў салоне і стрыжкі кіраўніка Кабінету міністраў Польшчы быў запісаны на відэакамеру, а кадры трапілі на профілі прэмʼера ў сацыяльных сетках.

«Многія з нас чакалі гэтага дня. Гукі нажніц і машынкі – пазітыўныя гукі, якія сімвалізуюць вяртанне да нармальнага жыцця. Наведванне цырульні для мяне хіба што ніколі не было такім радасным, як сёння», – напісаў Матэвуш Маравецкі на сваім профілі ў «Фэйсбуку».



У першы дзень адкрыцця салонаў стрыгчыся таксама пайшлі мэр Варшавы і кандыдат на пасаду прэзідэнта Польшчы ад цэнтра-правай Грамадзянскай кааліцыі Рафал Тшаскоўскі і мэр Кракава Яцэк Майхроўскі, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Як паведамлялася, у панядзелак, 18 мая, у Польшчы ўзнавілі працу рэстараны, кафэ і бары. Гэта стала магчымым у рамках трэцяга этапу зняцця абмежаванняў, выкліканых пандэміяй каранавіруса.

Кліенты гастранамічных устаноў павінны будуць насіць маскі да моманту, пакуль не сядуць за свой столік. Адлегласць паміж столікамі павінна быць мінімум 2 метры. Ва ўстанове грамадскага харчавання зможа знаходзіцца 1 чалавек на 4 квадратныя метры плошчы.

У панядзелак таксама адкрыліся цырульні і салоны прыгажосці. Гэтыя ўстановы, так як і гастранамічныя, могуць вярнуцца да працы пры ўмове выканання ўсіх санітарных нормаў на перыяд эпідэміі.

У рамках другога этапу зняцця абмежаванняў 4 мая змаглі аднавіць працу музеі, мастацкія галерэі, бібліятэкі, архівы і гандлёвыя цэнтры.

вс