Пандэмія каранавіруснай інфекцыі перавярнула жыццё шматлікіх людзей дагары нагамі. Цяпер многія разважаюць, як будзе выглядаць наш свет, калі зараза закончыцца. І кажуць, што ён ужо не вернецца ў свае звычайныя каляіны.
У выданні Sieci Аляксандра Якубоўска піша пра тое, што хвароба прымусіла некаторых задумацца пра адносіны маладзейшага пакалення да пажылых людзей. Апошнімі гадамі палякі пачалі пераймаць узоры паводзінаў Заходняй Еўропы і ўсё часцей аддаваць сваіх старыкоў у дамы састарэлых. Цяпер аказалася, што віртуальная рэчаіснасць, у якой мы шукалі кантакту з іншымі людзьмі, не заменіць жывых адносінаў з жывым чалавекам, а сям’я ў гэтыя цяжкія хвіліны дае нам падтрымку і радасць. Мы зразумелі, што, аддаючы нашых бабуль і дзядуляў у казённыя ўстановы, мы дазваляем ставіцца да іх як да прадметаў, якія выносяць з дому, калі яны пачынаюць перашкаджаць весці лёгкае і прыемнае жыццё.
Пандэмічны крызіс паказаў таксама абмежаванасць папулярнасці гэтак званых славутасцяў, зорак, жыцця вышэйшых сфераў, якое некаторым з нас дазваляла не адчуваць бязбожнасці ўласнага існавання. Пляткарскія сайты і каляровыя часопісы выміраюць без баляў, прэм’ер і нагоды паказаць сябе ў багатым строі і дарагім абутку. Можа, лепш замяніць гэтае падгляданне жыцця іншых на тое, што сапраўды каштоўнае – добрую кнігу, кінафільмам, класічную музыку? Некаторыя з нас вярнуліся да таго, на што раней не было часу, і адкрываюць нанава смак Культуры з вялікай літары.
Мы трапілі ў новую, зусім невядомую нам раней сітуацыю, якая бязлітасна прымушае перагледзець нашы паводзіны і стаўленне да некаторых рэчаў і людзей. Немагчыма асуджаць людзей за тое, што яны ў цяжкія часы думаюць перш за ўсё пра сябе і сваіх блізкіх, але добра было б падумаць таксама пра іншых. Ад гэтага залежыць, у якім стане мы выйдзем з гэтага крызісу – і паасобныя людзі, і грамадства, і дзяржава. І толькі тады мы зможам адказаць сабе на пытанне, што ў нас адабрала пандэмія, а што яна нам дала, і як гэты новы досвед мы выкарыстаем у нашым новым жыцці.
нг