Беларуская Служба

79 гадоў таму пачалася чацвёртая дэпартацыя палякаў углыб Савецкага Саюза

22.05.2020 19:02
Дэпартацыі палякаў углыб Савецкага Саюза былі добра запланаваныя і праводзіліся сістэматычна.
Аўдыё
  • 79 гадоў таму пачалася чацвёртая дэпартацыя палякаў углыб Савецкага Саюза
  1940-1941      ,    ,    ,     1939
Агулам у 1940-1941 гадах НКУС правёў чатыры дэпартыцыі насельніцтва, перш за ўсё палякаў, з усходніх ваяводстваў Польшчы, занятых СССР у верасні 1939 годафота з калекцыі гісторыка Ігара Мельнікава

79 гадоў таму пачалася чацвёртая дэпартацыя палякаў углыб Савецкага Саюза. Гэта была апошняя вялікая хваля дэпартацыі людзей з тэрыторый, якія да верасня 1939 года ўваходзілі ў склад даваеннай Польшчы.

Дэпартацыя пачалася ноччу з 21 на 22 мая 1941 года. У канцы мая, на пачатку чэрвеня НКУС вывезла ў аддаленыя куткі Савецкага Саюза каля 30 тыс. палякаў і ў меншай ступені прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, перш за ўсё з тэрыторыі Літвы і іншых балтыйскіх рэспублік, Беласточчыны, Віленшчыны і Гродзеншчыны. Ссыльных вывозілі ў Алтайскі і Краснаярскі краі, Казахстан і Навасібірскую вобласць, у басейн рэк Катунь і Бія. Смяротнасць сярод дэпартаваных была вельмі высокая.

Агулам у 1940-1941 гадах НКУС правёў чатыры дэпартацыі насельніцтва, перш за ўсё палякаў, з усходніх ваяводстваў Польшчы, занятых СССР у верасні 1939 года. Паводле савецкіх дадзеных, агулам было дэпартавана каля 350 тыс. чалавек. У сваю чаргу Саюз Сібіракаў, які гуртуе палякаў, сасланых углыб СССР, а таксама іх нашчадкаў, называе іншую лічбу – 1 млн 350 тыс. чалавек.
Людзей садзілі ў таварныя вагоны і закрывалі іх звонку. Ахова не казала, куды іх вязуць і што з імі будзе. У дарозе не хапала ежы і вады, людзі хварэлі, асабліва дзеці. Многія памерлі на шляху ў месца ссылкі.

У дэпартаваных было нібыта права забраць з сабой вопратку, посуд, ежу, дробныя рэчы і грошы, але не больш чым 1 тону на сям’ю. У рэчаіснасці ж афіцэр НКУС, які камандаваў акцыяй, даваў на збор 15-30 хвілін, таму за гэты час удавалася сабраць і збраць з сабой няшмат.

Дэпартацыі палякаў углыб Савецкага Саюза былі добра запланаваныя і праводзіліся сістэматычна, а іх мэта была адна – ачысціць даваенныя тэрыторыі Польшчы з людзей, якіх Савецкі Саюз лічыў небяспечным элементам. Гэта была планамерная экстэрмінацыя польскага насельніцтва, якое б магло супрацівіцца новай уладзе.

Сярод ссыльных 60% складалі палякі. Іншай вялікай групай былі яўрэі. Вывозілі таксама беларусаў і ўкраінцаў. Акрамя таго, у ссылку трапілі некалькі тысяч немцаў, літоўцаў і рускіх.
Дэпартацыі адбываліся на моцы пастановы Савета народных камісараў і Палітбюро Кампартыі ад 5 снежня 1939 года.

Дэпартацыя праводзілася ў некалькі этапаў, прычым кожны этап ажыццяўляўся за адзін дзень. На месцах пасялення выселеным павінна была выдавацца кампенсацыя, але з гэтым было па-рознаму.

Мясцовая ўлада была абавязаная даць жыллё і працу, аднак на месцах гэтае распараджэнне цэнтра не заўсёды выконвалася. Так, Краснаярскі крайвыканкам паведамляў аб нездавальняючым размяшчэнні і гаспадарчым уладкаванні перасяленцаў-асаднікаў па прадпрыемствах краю – сем'і размяшчаліся ў агульных бараках ва ўмовах вялікай цеснаты, дэпартаваныя дрэнна забяспечваліся нават прадуктамі харчавання першай неабходнасці, атрымлівалі недастатковую медыцынскую дапамогу, што прыводзіла да эпідэмічных захворванняў.

30 жніўня 1941 года быў падпісаны дагавор Сікорскага – Сталіна, паводле якога дэпартаваныя палякі былі амніставаныя з выдачай адпаведных даведак. Аднак на справе іх становішча не вельмі змянілася. На тэрыторыі СССР былі створаныя польскія ўрадавыя прадстаўніцтвы (дэлегатуры). Дэлегатуры, сумесна з сеткай давераных асоб пасольства, павінны былі прадстаўляць інтарэсы польскага насельніцтва. Яны арганізоўвалі і размяркоўвалі дабрачынную дапамогу Чырвонага Крыжа, матэрыяльную і фінансавую дапамогу польскага ўрада, накіроўвалі добраахвотнікаў у польскую армію.

Частцы палякаў удалося пакінуць тэрыторыю Савецкага Саюза разам з польскай арміяй, сфармаванай на тэрыторыі СССР. Іншыя выехалі пасля вайны, а яшчэ іншыя – ажно ў канцы 1990-х гадоў, пасля распаду Савецкага Саюза. Але шматлікія палякі засталіся жыць у далёкіх кутках Расіі і Казахстана.

14 лістапада 1989 года была прынята Дэкларацыя Вярхоўнага Савета СССР «Аб прызнанні незаконнымі і злачыннымі рэпрэсіўных актаў супраць народаў, якія падвергліся гвалтоўным перасяленням, і забеспячэнні іх правоў».

вс

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу