Беларуская Служба

30 гадоў таму ў Польшчы адбыліся першыя цалкам дэмакратычныя мясцовыя выбары

27.05.2020 13:12
27 траўня ў Польшчы адзначаецца Дзень мясцовага самакіравання. Свята было ўстаноўленае польскім Сеймам у 2000 годзе.
Аўдыё
  • 30 гадоў таму ў Польшчы адбыліся першыя дэмакратычныя мясцовыя выбары.
Від на Стары горад Варшавыjackmac34/pixabay.com/CC0 Public Domain

27 траўня ў Польшчы адзначаецца Дзень мясцовага самакіравання. Свята было ўстаноўленае Сеймам у 2000 годзе, то бок у гадавіну першых поўнасцю дэмакратычных выбараў у мясцовыя органы ўлады, якія адбыліся ў краіне 27 траўня 1990 году.

Гісторыя мясцовага самакіравання ў Польшчы датуецца XVI стагоддзем. Цягам гэтага часу лёс згаданай формы мясцовай улады быў вельмі розны. Муніцыпалітэты то ліквідавалі, то абнаўлялі.

У пасляваеннай Польшчы, якой кіравалі камуністы, у краіне дзейнічалі, падпарадкаваныя тагачаснай уладзе, нацыянальныя саветы - сурагат сапраўднага мясцовага самакіравання.

Пасля дэмакратычных пераменаў у 1989 годзе рэформа мясцовага самакіравання была праведзена часткова паводле даваенных узораў. Спасылкі на мінулае бачныя, сярод іншага, у назвах. Вярнуліся такія тытулы, як, напрыклад, войт ці мэр.

Памерлы ў 2013 годзе суаўтар рэформы прафесар Міхал Кулеша (Michał Kulesza), падкрэсліваў важнасць выбараў у мясцовыя органы ўлады. У інтэрв'ю Польскаму радыё ў 2006 годзе ён нагадваў пра гістарычныя выбары ў гмінныя саветы, якія адбыліся ў Польшчы ў 1990 годзе.

Тады палітычным рухавіком выбараў былі грамадскія камітэты. Гэта была вялікая сіла маладога энтузіязму. Грамадскія камітэты, у асноўным, перамагалі ў тых выбарчых акругах, у якіх яны былі створаныя.

30 гадоў таму, падчас першых поўнасцю свабодных муніцыпальных выбараў, палякі абралі больш за 52 тысяч дэпутатаў гмінных і гарадскіх саветаў. Найбольш месцаў  (53,1 працэнта) атрымалі прадстаўнікі Грамадскіх камітэтаў „Салідарнасці” (апазіцыйнага руху).

Крыху менш галасоў атрымалі лякальныя камітэты - 24,7 працэнта. На трэцім месцы, заваяваўшы значна менш месцаў, апынулася Польская сялянская партыя, якая атрымала 4,3 працэнта галасоў падтрымкі.

Яўка на першых дэмакратычных муніцыпальных выбарах  склала 42 працэнты.

Тагачасны камісар па выбарах, сенатар Ежы Стэмпень (Jerzy Stępień) выказаў задавальненне, як вынікамі выбараў, так і яўкай.

Я вельмі рады, што былі выбраныя дэмакратычныя ўлады. Тут выбарчая яўка не самая важная. Нагадваю, што мы заўсёды ўспрымалі яўку, як узровень падтрымкі ўлады. Аднак гэтыя выбары не паказваюць узроўню падтрымкі ўлады, але колькасць людзей, якія не пазбягаюць адказнасці за свой выбар. Паводле мяне, кандыдаты ў саветы былі выдатныя. Дарэчы, польская традыцыя такая, што заўсёды ў гісторыі, калі аднаўлялі дзейнасць муніцыпалітэтаў, што гэтыя першыя гарадскія і гмінныя саветы былі найлепшыя.  

У сваёй прамове з нагоды Дня мясцовага самакіравання ў 2009 годзе тагачасны прэзідэнт Лех Качыньскі(Lech Kaczyński), які трагічна памёр у Смаленскай авіякатастрофе ў 2010 годзе, падкрэсліваў значэнне мясцовых элітаў і іх уплыў на жыццё ўсёй краіны.

Я не ўтойваю, што пасля многіх сустрэчаў з мясцовымі элітамі, я быў пад вялікім уражаннем. Гэта былі вельмі выдатныя сустрэчы. Часта ў нечаканых месцах мы сустракалі людзей актыўных, адукаваных і цесна звязаных са сваімі рэгіёнамі.

Традыцыяй святкавання Дня мясцовага самакіравання ў Польшчы з’яўляецца ўручэнне дзяржаўных узнагарод заслужаным прадстаўніком мясцовых органаў улады. Падчас гэткай цырымоніі ў 2017 годзе прэзідэнт Анджэй Дуда(Andrzej Duda) падкрэсліваў, што мясцовае самакіраванне з'яўляецца адным з найважнейшых элементаў палітычнай сістэмы Польшчы. Кіраўнік дзяржавы нагадваў пра службу мясцовай супольнасці.

Сутнасць у тым, што вас выбралі мясцовыя жыхары. Таму вы павінны дапамагаць ім выконваць гэтыя грамадскія задачы, якія ажыццяўляюцца менавіта для іх. Задачы, якія павінны аблягчаць іх штодзённае жыццё.

Закон аб мясцовым самакіраванні быў прыняты 8 сакавіка 1990 года і ўступіў у сілу 27 траўня, калі адбыліся гістарычныя выбары.

У сакавіку 2020 года, у 30-ю гадавіну ўхвалення законапраекта, у Сенаце адбылася адмысловая канферэнцыя. Старшыня Саюза гарадоў Польшчы і старшыня сенацкага Камітэта па мясцовым самакіраванні сенатар Зыгмунт Франкевіч(Zygmunt Frankiewicz), нагадаў, што законапраект узнік менавіта па ініцыятыве вышэйшай палаты польскага парламента.

Я не сумняюся, што 30 апошніх гадоў будуць ацэненыя ў гісторыі Польшчы, як адзін з найбольш выдатных перыядаў. Колькасць згаданых поспехаў, гэта ў значнай ступені вынік законапраекту, які 30 гадоў таму быў падрыхтаваны ў Сенаце.

З нагоды 30-годдзя аднаўлення мясцовага самакіравання ў Польшчы, 25 траўня арцыбіскуп Віктар Скворц (Wiktor Skworc) служыў у катавіцкай архікатэдры ўрачыстую імшу, прысвечаную прадстаўніком муніцыпалітэтаў.

У сваю чаргу прэзідэнт гораду Катавіцы(Katowice) Марцін Крупа(Marcin Krupa) заявіў, што мясцовыя органы ўлады здалі экзамен.

Цягам згаданых 30 гадоў было даказана, што з пункту гледжання дэмакратыі, муніцыпалітэты – самая выдатная форма ўлады. Войт, мэр, дэпутат гарадскога ці гміннага саветаў карыстаюцца вялікай падтрымкай мясцовых жыхароў. У гэтым сіла. Таму я думаю, што нельга абмяжоўваць муніцыпалітэтаў, але варта даць нам больш сродкаў і заданняў. Мы з гэтым справімся.

У цяперашні час у Польшчы дзейнічаюць 16 ваяводстваў, 380 паветаў і 2 477 гмінаў.
З 1990 года палякі ўдзельнічалі ўжо ў 8 мясцовых выбарах. Апошні раз у 2018 годзе. У тым жа годзе, у адпаведнасці з папраўкай у Выбарчы кодэкс і іншыя законы, тэрмін паўнамоцтваў органаў самакіравання быў прадоўжаны з 4 да 5 гадоў. Было ўведзенае таксама палажэнне, паводле якога войты, мэры і прэзідэнты гарадоў у Польшчы могуць абірацца на пасады толькі двойчы запар.

аз