Беларуская Служба

Польскі ўрад распачаў новую праграму па затрымліванні дажджавой вады

03.06.2020 13:46
Новая польская праграма «Мая вада» прадугледжвае сродкі на хатнія ўстаноўкі, якія затрымліваюць дажджавую ці талую ваду.
.
.PublicDomainPictures/pixabay.com/CC0

 Яе пачатак і падрабязнасці ўчора разам абвесцілі прэзідэнт Анджэй Дуда і міністр па справах клімату Міхал Куртыка.

Сродкі з праграмы можна будзе прызначыць, напрыклад, на стварэнне сажалкі, ці будову падземнага сховішча на дажджавую ваду. Прэзідэнт Анджэй Дуда патлумачыў, што датацыя ахопіць большую частку інвестыцыі да максімальнай сумы 5 тысяч злотых (1145 еўра):

-Я б хацеў, каб сажалка была каля кожнага дому, не толькі аднасямейнага, але і каля шматпавярховікаў, каб узнікала як мага больш малых вадасховішчаў. Праграма «Мая вада» – гэта прапанова па фінансаванні такіх інвестыцый. Можна будзе атрымаць 85% сумы, але не больш, чым 5 тысяч злотых. Сродкі будзе выдзяляць Нацыянальны фонд аховы навакольнага асяроддзя.

Прэзідэнт падкрэсліў, што адпаведнае гаспадараванне вадой – гэта шанец на тое, што сітуацыя з вадой у Польшчы значна палепшыцца. Анджэй Дуда звярнуў увагу, што ў Польшчы толькі 6,5% дажджавой вады збіраецца, а гэта значна менш, чым сярэдняя ў Еўразвязе:

-Калі параўнаць, то гэта 1/3 таго, што захоўваюць у ЕЗ. Самай узорнай краінай з’яўляецца Іспанія, дзе збіраюць 45% дажджавой вады. Мы б хацелі, каб цягам 10 гадоў у нас гэта было 15%. Гэта і так будзе шмат.

Міністр па справах клімату Міхал Куртыка адзначае, што ініцыятыва павінна спрыяць змаганню з засухай, а хатнія ўстаноўкі для гэтага неабходныя:

-Яны патрэбныя для таго, каб гэтая каштоўная вада не марнавалася, каб яе можна было выкарыстаць для паліўкі ўчасткаў. Мы зменшым эксплуатацыю водаправоду, павялічым лакальныя вадасховішчы. Таксама будзем разам вучыцца, як размяркоўваць гэты каштоўны рэсурс.

Заявы на датацыю можна будзе складаць з 1 ліпеня. Праграму «Мая вада» будзе каардынаваць Нацыянальны фонд аховы навакольнага асяроддзя і воднай гаспадаркі. Яе бюджэт – гэта амаль 22 мільёны еўра.

Міністр па справах клімату Міхал Куртыка гаварыў сёння ў Польскім радыё, што аўтары праграмы хацелі б, каб яна мела не толькі эканамічнае вымярэнне, але таксама адукацыйнае. Міністр адзначыў, што адной з мэтаў праграмы з’яўляецца ўсведамленне таго, на колькі каштоўная вада.

«Мы б хацелі папулярызаваць тэму вады, вучыць, што вада – гэта скарб, пра які трэба па-новаму навучыцца клапаціцца», – адзначыў Куртыка.
Госць Польскага радыё дадаў, што ў Польшчы толькі невялікая частка ападкаў трапляе ў вадасховішчы:

- У гэтым плане Польшча выглядае вельмі кепска. 73% ападкаў проста выпараецца. Астатняя вада вельмі хутка трапляе ў рэкі, а мы яе не збіраем. Мы збіраем толькі 6,5% вады, а гэта вельмі мала.

Міністр клімату падкрэсліў, што праграма «Мая вада», як элемент змагання з засухай, павінен дазволіць заашчадзіць мільён кубаметраў вады. Гэта адпавядае 660 мільёнам бутэлек вады ёмкасцю 1,5 літра.

Праграма дасць карысці сем’ям, якія будуць плаціць меншыя рахункі за ваду. Хатнія інсталяцыі добра паўплываюць на каналізацыйную сістэму ў гарадах і вёсках, асабліва падчас праліўных дажджоў і навальніц, калі колькасць ападкаў перавышае магчымасці перапампоўкі вады ў каналізацыю.

Урадавая праграма будзе рэалізоўвацца ў 2020-2024 гадах. Міністэрства па справах клімату таксама паінфармавала, што працуе над трыма іншымі праектамі, датычнымі захоўвання вады ў гарадах і вёсках. Яны будуць скіраваныя да самакіраванняў. На гэта павінны быць прызначаныя 210 млн злотых (46 млн еўра).

Некаторыя лакальныя ўлады ўжо рэалізоўваюць такія праграмы. Напрыклад, у Кракаве і Уроцлаве на інсталяцыі для збору дажджавой вады таксама можна атрымаць датацыю ў памеры 5 тысяч злотых.


ав