На працягу апошніх дзён у Польшчы назіраўся высокі паказальнік выяўлення новых выпадкаў заражэння каранавірусам, больш за ўсё ў Сілезіі – нагадвае Rzeczpospolita. Аднак урад дзяржавы спакойны – ён не збіраецца ўводзіць новы каранцін да таго часу, пакуль у шпіталях ёсць шмат свабодных ложкаў для пацыентаў і апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Пакуль што рэкамендацыі не мяняюцца – людзі павінны насіць санітарныя маскі ў грамадскіх месцах, дэзынфекаваць рукі і ўтрымліваць дыстанцыю.
Праўда, міністр аховы здароўя Лукаш Шумоўскі адзначыў у аўторак, што заўсёды можна вярнуцца да жорсткіх абмежаванняў, але цяпер няма гаворкі пра паўторнае спыненне нармальнага жыцця.
Тым не менш, некаторыя органы муніцыпальных уладаў самі прымаюць рашэнні пра часовае закрыццё грамадскіх месцаў, напрыклад, школаў ці дзіцячых пляцовак, калі ў дадзеным населеным пункце паявіцца ачаг захворвання. Так сталася ў горадзе Старахавіцэ, дзе дзіцячыя садкі і школы зачыненыя да 12 чэрвеня.
Калі б улады дзяржавы другі раз увялі жорсткія абмежавальныя меры, гэта жахлівым чынам паўплывала б на эканоміку. Татальная блакада эканамічнага жыцця выклікае падзенне ВУП на адну пятую ў тым месяцы, калі была ўведзена блакада. Польская эканоміка і так страціла з-за эпідэміі вельмі шмат, а паўторнае перакрыццё нармальнага жыцця магло б выклікаць глыбокую рэцэсію, з якой краіна доўга б не выйшла, – перасцерагае эканаміст Вітальд Арлоўскі.
Больш за ўсё новых ачагоў каранавіруса паяўляецца ў шахтах вуглездабычы, але не толькі. Калі ўрад адмяніў каранцін, людзі, стомленыя ізаляцыяй, хутка вярнуліся да нармальнай актыўнасці, адпаведна, новыя ачагі будуць з’яўляцца ў розных месцах, – кажа лекар прафесар Уладзімеж Гут.
нг