Праз Злучаныя Штаты Амерыкі, а таксама іншыя дзяржавы свету, пракацілася хваля пратэстаў супраць жорсткасці паліцыі пасля таго, як у ЗША белы паліцэйскі задушыў каленам падчас затрымання чарнаскурага Джорджа Флойда. Gazeta Wyborcza піша пра два твары Флойда, які быў пахаваны ўчора.
46-гадовы Флойд нарадзіўся ў Мінеапалісе, але вырас і большасць жыцця правёў у Х’юстане, у бедным раёне. Па словах знаёмага забітага, Эды Барлоўа, тут адбываецца шмат дрэннага. У многіх маладых людзей няма бацькаў, якія «або сядзяць у турме, або ўжо загінулі, або кудысьці з’ехалі».
Гутаркі з жыхарамі, а таксама дасье Флойда паказваюць, што ў яго былі два абліччы: з аднаго боку яго любілі суседзі, ён ангажаваўся ў розныя сацыяльныя праграмы, але з іншага боку, як мінімум некалькі разоў парушыў закон. Яго судзілі і прыгаварылі на 5 гадоў турмы за ўзброенае нападзенне з мэтай крадзяжу, былі таксама прысуды па наркатычных артыкулах.
Некаторыя кажуць: як рэцыдывіст можа быць сімвалам барацьбы супраць дыскрымінацыі? Ліберальныя СМІ ў ЗША або зусім не пішуць пра яго крымінальнае мінулае, або згадваюць вельмі коратка. Нядаўна пра гэта казаў кіраўнік прафсаюзу паліцэйскіх у Мінеапалісе Боб Крол (Bob Kroll). У сваю чаргу пратэстоўцы адказваюць, што мінулае Флойда не мае значэння падчас ацэнкі абставінаў ягонай смерці. Паліцэйскі не мог ведаць, што ён затрымлівае чалавека, які раней быў асуджаны, а нават калі б ведаў, ён не павінен паводзіць сябе такім чынам. Флойд застаецца на вуснах усёй Амерыкі не па прычыне фактаў з яго жыцця, але таму, што яго затрыманне яскрава паказала жорсткасць і пачуццё беспакаранасці паліцыі.
нг