У выданні Rzeczpospolita артыкул пра няздзейсненае забойства міністра, якое заказаў адзін з босаў рынку спайсаў. Яна С. называюць «каралём спайсаў». Зламыснік будзе адказваць перад судом за замову забойства міністра юстыцыі, генеральнага пракурора Збігнева Зёбры (Zbigniew Ziobro) і паліцэйскіх, якія перакрылі яго злачынную дзейнасць.
Яну С. высунулі 14 абвінавачанняў, у тым ліку за падбухторванне да забойства пракурора і генералаў, якія распрацоўвалі злачынную групоўку Яна С., спробы ўручэння хабару.
Гэта выключная сітуацыя. Ніколі раней у найноўшай гісторыі Польшчы не было выпадку замовы забойства палітыка з боку злачыннай групоўкі. Дагэтуль самым высокапастаўленым дзяржаўным чыноўнікам, які быў забіты, з’яўляюцца галоўны камендант паліцыі генерал Марэк Папала, але дагэтуль невядома, ці забойства было заказным, ці выпадковым падчас спробы крадзяжу аўтамабіля. Былі спробы пазбавіцца ад нявыгадных пракурораў, якія вялі следства супраць наркатычных гангаў або мафіі.
У чым абвінавачаны Ян С.? За забойства З. Зёбры ён прапанаваў кілеру 100 тыс. злотых. Такім чынам ён хацеў спыніць распрацоўку закону, які ўводзіў жорсткія меры пакарання за вытворчасць спайсаў і гандаль імі. Міністра юстыцыі ён вінаваціў у тым, што той «папсаваў яму бізнес». План забойства Зёбры прадугледжваў прымацаванне бомбы пад яго аўтамабіль або атручанне.
У выкананні забойства кілеру дапамагаў хімік з банды Яна С., які ведаў, як сканструяваць выбуховае рэчыва і меў агнястрэльную зброю. І якраз хімік быў затрыманы і пачаў даваць паказанні паліцыі.
Калі ў 2018 годзе паліцыя разбіла наркатрафік Яна С., яму самому ўдалося ўцячы ў Галандыю, знаходзіўся ў вышуку Інтэрпола. Быў затрыманы ў студзені бягучага года пад Варшавай. У следчым ізалятары спрабаваў карумпаваць ахоўнікаў. Яму ёсць што губляць. 29-гадовы мужчына заснаваў самы буйны на рынку спайсаў Польшчы ды Еўропы наркатрафік, які прадаваў наркатычныя рэчывы кліентам праз інтэрнэт па ўсім свеце, нават у ЗША ды Аўстралію. Некалькі чалавек пасля спажывання спайсаў, купленых у яго краме, памерла. Гэта таксама пастаўлена Яну С. у віну.
нг