Беларуская Служба

Беларусы ў Польшчы – «ідэальныя мігранты»

20.06.2020 08:09
Беларусы з’яўляюцца другой па велічыні, пасля ўкраінскай, дыяспарай. 
Беларускі пашпартBy User: Ліцьвін - Own work, Public Domain, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=7725233

Сёння ў Польшчы беларусы – гэта не толькі нацыянальная меншасць на Падляшшы ці палітычная апазіцыя, якая ўцякла з краіны. Беларусы з’яўляюцца другой па велічыні, пасля ўкраінскай, дыяспарай. Міграцыя з Беларусі з’яўляецца складаным працэсам, што лагічна вынікае з унутранай сітуацыі ў гэтай краіне. Аналіз на тэму друкуе партал onet.pl.

Сярод іншых у Польшчы яны ледзь заўважальныя. Яны лёгка адапціруюцца і засвойваюцца. Беларусы хутка вывучаюць мову і лёгка імітуюць карэнных жыхароў. Беларусы – гэта «ідэальныя мігранты» ў кантэксце ідэалогіі і мовы палітыкі ў Польшчы. Іх добра ўспрымаюць іншыя, паколькі тоеснасць беларусаў прымае грамадскія прынцыпы краіны, у якую яны пераехалі.

Тым ня менш, якая-колечы антрапалагічная ацэнка эміграцыі беларусаў у Польшчы застаецца цяжкай задачай, таксама па прычыне дыскурсу пра Беларусь, які пануе ў публічнай польскай дэбаце. А ён мае два вымярэнні.

Першы – гэта медыйная нарацыя, якая засяроджваецца на стэрэатыпных вобразах Беларусі як (пост)савецкага рэзервату, аўтарытарнай улады і прарасійскага грамадства. Другі – гэта гісторыка-лінгвістычнае вымярэнне навуковай дыскусіі на тэму Беларусі, як былых зямель Рэчы Паспалітай.
Беларускі выпадак не з’яўляецца выключным, паколькі кожнае грамадства стварае стэрэатыпы і мае «ўласныя» веды на тэму іншых, суседзяў, перададзеныя яму медыйнай мовай уладаў. На гэтай аснове фарміруецца канкрэтны вобраз іншых.

Калі гаворка ідзе пра новы феномен прысутнасці мігрантаў з Беларусі ў Польшчы, то не заўважаецца, што яны ўжо даўно функцыянуюць у польскім грамадстве: працуюць, вучацца, засноўваюць сем’і, купляюць кватэры. У сваю чаргу Польшча выклікае ўсё большае зацікаўленне сярод беларусаў.

У адрозненні ад украінцаў, раскіданых па Польшчы больш менш аднолькава, беларусы жывуць у двух цэнтрах – Мазавецкім і Падляскім ваяводствах. Толькі на Падляшшы эмігранты з Беларусі апярэджваюць па колькасці нават украінцаў, і гэта ўдвая.

Разам з часовай міграцыяй стала расце колькасць беларусаў, якія прымаюць рашэнне застацца ў Польшчы надоўга. Самая вялікая розніца паміж сталай міграцыяй з Украіны і з Беларусі заключаецца ў тым, што рашучая большасць беларусаў (70%) атрымлівае дазвол на сталае прыбыванне, сярод украінцаў гэты працэнт складае 20.

З культурніцкага пункту гледжання міграцыя з Беларусі – неаднародная. Несумненна, беларусы, якія пераязджаюць не толькі ў Польшчу, укладваюць шмат высілкаў у спробы інтэграцыі з грамадствам у краіне, у якую яны прыбылі, чым у клопат пра сваю нацыянальную тоеснасць.

Больш падрабязны аналіз беларускай міграцыі ў Польшчы знаходзіцца на партале onet.pl.

ав