Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Польшчы лічаць страты ад праліўных дажджоў

23.06.2020 13:20
Тысячы разоў выязджалі надоечы пажарныя каманды па выкліках аб залітых дамах і затопленых склепах.
Аўдыё
Рака Сан у Санокуфота: PAP/Darek Delmanowicz

На большай частцы тэрыторыі Польшчы ў мінулыя выходныя, а таксама ў панядзелак прайшлі праліўныя дажджы, якія выклікалі значнае павышэнне ўзроўню вады ў рэках, затапілі склепы дамоў і гаражы, залілі тратуары і дарогі. Жыхары ды ўлады падсумоўваюць страты і плануюць неабходныя рамонты.

Найгоршая сітуацыя як звычайна ў выпадку праліўных дажджоў, назіраецца на поўдні краіны, у Малапольшчы. Толькі ў чатырох адносна невялікіх населеных пунктах – Мысленіцах, Бохні, Лімановай і Добчыцах, было затоплена 640 будынкаў, вада заліла звыш сотні дарог. Вада заліла між іншым шпіталь, у сувязі з чым пацыентаў неабходна было перанесці на вышэйшыя паверхі.

Складаная сітуацыя назіраецца таксама ў Падкарпацкім ваяводстве на паўднёвым усходзе Польшчы. У мясцовасці Санок і ў Саноцкім павеце была аб’яўлена супрацьпаводкавая трывога. Гаворыць войт гміны Заршын Магдалена Гаеўска.

- Ад жыхароў паступала вельмі шмат сігналаў, што вада залівае панадворак, а часам падыходзіць ужо пад дамы, залівае склепы. Затопленыя таксама палі, вада выліваецца з равоў. Калі гаворка ідзе пра нашу раку Пільніцу, яна, на шчасце, яшчэ змяшчаецца ў сваім галоўным рэчышчы, хаця ў некаторых месцах, дзе нізкая тэрыторыя, рака выходзіць з берагоў, вада разліваецца.

Звыш 2100 разоў выязджалі надоечы пажарныя каманды па выкліках аб залітых дамах і затопленых склепах. Найбольш шкоды праліўныя дажджы нанеслі ўчора жыхарам цэнтральнай Польшчы, Мазавецкага ваяводства. Аб чым, дарэчы, пераканаліся таксама жыхары майго дома ў Варшаве, дзе пажарнікам прыйшлося выпампоўваць ваду з гаражоў. Упершыню за чатыры гады здарылася сітуацыя, што ў гараж немагчыма было ўехаць на машыне, паколькі вады ў ім было каля 15 сантыметраў. Затопленыя былі таксама тратуары і дарогі каля дома, а такіх дамоў у сталіцы сотні, а можа і тысячы.

У Мазовіі пажарнікі выязджалі па выкліках 460 разоў. Прэс-сакратар Дзяржаўнай пажарнай аховы Кшыштаф Баторскі адзначае, што цяжкае становішча назіраецца таксама ў Падкарпацкім ваяводстве – 370 выклікаў, і ў Малапольшчы, дзе зафіксавана 270 выклікаў пажарнікаў.

- Праца пажарнікаў – гэта цяпер на 90% выпампоўванне вады са склепоў ды іншых аб’ектаў, якія былі часткова затопленыя вадою. Найгоршая сітуацыя назіраецца ў Падкарпацці і Малапольшчы, там узровень вады перавышае ўзровень супрацьпаводкавай трывогі. Праца пажарнікаў заключаецца таксама ў тым, што яны замацоўваюць супрацьпаводкавыя валы і ўкладваюць часовыя ўмацаванні ў выглядзе мяшкоў з пяском.

Улады Польшчы супакойваюць жыхароў, што яны зробяць усё магчымае, каб як мага хутчэй ліквідаваць адмоўныя наступствы стыхіі. Міністр сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг заявіла ў эфіры Польскага радыё, што жыхары Малапольшчы, якія пацярпелі ад навальніц, атрымаюць дзяржаўную дапамогу.

- Дзякуючы адпаведным крокам ваяводы, а таксама дзякуючы працы органаў сацыяльнай апекі, згодна закону аб сацыяльнай апецы, неадкладна выдзяляюцца грошы на ліквідацыю наступстваў стыхійнага бедства. Памер фінансавай дапамогі складае да 6 тыс. злотых на бягучыя патрэбы, у пазнейшым перыядзе мэтавая дапамога можа складаць нават да 20 тыс. злотых, а ў крайніх выпадкаў – да 200 тыс. злотых.

Навальніцы яшчэ не закончыліся. Сіноптыкі прагназуюць, што надвор’е можа палепшыцца толькі на будучым тыдні, а ў бліжэйшыя дні ў Польшчы будуць назірацца інтэнсіўныя ападкі. Дзе-нідзе можа дзьмуць парывісты вецер, а нават ісці град. Аднак гэтыя з’явы ўжо не будуць такія інтэнсіўныя, як на працягу апошніх дзён, – кажа прэс-сакратар Інстытуту метэаралогіі і воднай гаспадаркі Гжэгаж Валіеўскі.

- Навальніцы ды інтэнсіўныя ападкі павінны быць крыху менш інтэнсіўныя. Тым не менш, на тэрыторыі краіны далей назіраецца небяспека навальніц, ад якіх могуць пацярпець людзі і маёмасць. Неабходна быць асцярожным. Нельга сказаць, што цяпер вельмі нестандартная сітуацыя, але рэдка здараецца, каб навальніцы ішлі столькі дзён запар.

Дождж лепш за ўсё перачакаць дома. Калі ж дождж застаў нас паза домам, неабходна пашукаць месца ў нізіне, каб перачакаць непагадзь, паколькі самыя небяспечныя месцы знаходзяцца на ўзвышшы, дзе часцей за ўсё ўдарае маланка. Лепш не хавацца ад дажджу пад дрэвамі, асабліва высокімі, паколькі высокія пункты прыцягваюць электрычны разрад. Добрым сховішчам на час навальніцы з’яўляецца аўтамабіль, хаця трэба памятаць, каб не дакранацца да ручак, якія могуць праводзіць электрычнасць. І лепш выключыць рухавік, затрымацца дзесьці на абочыне і перачакаць стыхію. Вельмі асцярожным трэба быць у залітым вадой памяшканні, паколькі існуе небяспека паражэння токам. Верагодна, гэта стала прычынай смерці мужчыны ў польскай мясцовасці Згеж. Ён спусціўся ў склеп, каб выпампаваць ваду, а жонка неўзабаве знайшла яго мёртвым.

нг