Беларуская Служба

Маці зніклага ў Беларусі паляка: Кацпэр усведамляў, што гэта гістарычны момант для Беларусі

12.08.2020 15:25
Амбасада Польшчы ў Беларусі пацвердзіла, што падчас падаўлення мірных акцыяў пратэсту ў Беларусі было затрымана трох грамадзянаў Польшчы.
Аўдыё
  • Матухна Кацпэра Сяніцкага Анэта не крые хвалявання, калі расказвае пра акалічнасці паездкі сына ў Беларусь:
Protest w Mińsku po wyborach prezydenckich na Białorusi
Protest w Mińsku po wyborach prezydenckich na BiałorusiPAP/EPA/STRINGER

Беларусы сустрэлі так званую «перамогу» Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах масавымі акцыямі пратэсту па ўсёй краіне. Сотні тысяч грамадзянаў выйшлі на вуліцы вялікіх і малых гарадоў толькі з адной мэтай – мірным чынам бараніць свой голас, бараніць шанец Беларусі на будучыню.

Аднак рэжым рыхтаваўся бараніць свае «заваёвы», свой «тэматычны музей імя Леніна», сваю «стабільнасць» на працягу апошніх 26 гадоў. Зграі ашалелых сілавікоў рынуліся на мірны пратэст. Супраць безабаронных грамадзянаў ужываліся светлашумавыя гранаты, гумовыя кулі і вадамёты, а ў Брэсце нават табельную зброю. У выніку – мінімум адна смяротная ахвяра і каля шасці тысяч затрыманых па ўсёй Беларусі. Пад «зачыстку» беларускай сталіцы трапілі і два польскія маладзёны.

Польскія дыпламаты, якія працуюць у Беларусі, пацвердзілі, што падчас падаўлення мірных акцыяў пратэсту агулам у краіне было затрымана трох грамадзянаў Польшчы.

Маладзёны Вітольд Дабравольскі і Кацпэр Сяніцкі заўжды цкаваліся Беларуссю, нярэдка ўдзельнічалі ў беларускіх імпрэзах у Варшаве. На момант падрыхтоўкі гэтай перадачы пра маладзёнаў было вядома адное – яны былі затрыманыя ўвечары панядзелка ў Мінску.

Матухна Кацпэра Сяніцкага Анэта не крые хвалявання, калі расказвае пра акалічнасці паездкі сына ў Беларусь:

-Кацпэр закончыў Цэнтр даследаванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту. Ён ужо многа гадоў цікавіцца постсавецкімі краінамі. Кацпэр шмат падарожнічаў па краінах было СССР, мнгога чытае на гэтую тэму. І ўвесь час сачыў за сітуацыя ў рэгіёне. У пятніцу, 7 жніўня ён паехаў Беларусь. Ён хацеў на ўласныя вочы ўбачыць, як адбываюцца выбары ў Беларусі, Кацпэр усведамляў, што гэта гістарычны момант для Беларусі і ў гэты момант ён хацеў быць побач са сваімі беларускімі таварышамі.

У панядзелак, 10 жніўня, пасля 18 гадзіны я апошні раз спісвалася з ім у мэсэнджары. Сын напісаў, што ўсё добра і, што ва аўторак ён збіраецца вяртацца ў Беларусь. Пасля гэтага сувязь з ім знікла. З аўторка я знаходжуся ў пастаянным кантакце з Амбасадай і адтуль даведалася, што праўдападобна яны былі арыштаваныя.

Нядаўна даведалася, што консул шукаў Кацпэра, яго сябра знайшлі, а Кацпэра шукаюць дагэтуль. Консул паведаміў, што ў беларускіх ізалятарах часовага ўтрымання жудасны бардак, яны не спраўляюцца з плынямі інфармацыі. Нам вельмі дапамог дэпутата Сейма Шчэрба, ён распаўсюджваў інфармацыю пра знікненне хлопцаў. У мяне няма тэлебачання, атрымліваю інфармацыю аб падзеях у Беларусі толькі праз сацыяльныя сеткі, праз знаёмых.

Польшча не пакінула сваіх грамадзянаў у бядзе, але цяперашняя сітуацыя ў Беларусі моцна ўскладняе працу дыпламатаў. Раднік Амбасады Польшчы ў Беларусі Аркадыюш Клэмбэк запэўнівае, што дыпрадстаўніцтва ажыццяўляе ўсе магчымыя захады:

- Амбасада Польшчы ў Мінску працуе над тым, каб трапіць да затрыманых. На жаль, дзеля таго каб не нашкодзіць нашым грамадзянам, якія аказаліся ў такой сітуацыі, нічога больш сказаць я не магу.

Палітычнае становішча ў Беларусі не зменшыла актыўнасць нашых пляцовак у гэтай краіне, а наадварот. Мы працуем інтэнсіўна.

Тым часам у падобнай сітуацыі апынулася не толькі маці Кацпэра, але і тысячы беларускіх жанчын, якія не ведаюць, што адбываецца з іх сынамі, братамі і бацькамі. Удзень 12 жніўня сотні жанчын па ўсёй Беларусі, нярэдка апранутыя ў белае, станавіліся ў ланцугі салідарнасці, вымагаючы вызваліць вязняў і спыніць гвалт.

Моцна спадзяемся, што палякі Кацпэр і Вітэк, а таксама тысячы затрыманых беларусаў у хуткім часе ўз'яднаюцца са сваімі семʼямі

Слухайце аўдыё!

Матэрыял падрыхтаваў Эдуард Жолуд.