Ціск на Аляксандра Лукашэнку павінен быць паслядоўным. Ціск адной ці некалькіх краін недастатковы - пераконвае віцэ-міністр замежных спраў Павел Яблоньскі ў размове з журналісткай выдання Dziennik Gazeta Prawna Магдаленай Цэдра.
Палітык пераконвае, што, паколькі шматлікія еўрапейскія краіны, асабліва далёкія, не цікавяцца Беларуссю, то роля Польшчы і краінаў рэгіёна велізарная.
„Яшчэ не ўсе разумеюць, што акцыі пратэсту (у Беларусі- рэд.) маюць цалкам унікальны характар. Грамадскія пратэсты часта звязаныя з беспарадкамі, сутычкамі са службамі бяспекі і гвалтам - таксама з боку пратэстоўцаў. Тут мы маем справу з грамадскім рухам, які абсалютна адмаўляецца ад гэтага гвалту. Нават, калі здараюцца правакацыі, то яны маргінальныя. Больш за тое, гэтыя пратэсты дэцэнтралізаваныя – яны адбываюцца па ўсёй краіне; далучаюцца заводы, якія пачынаюць страйкаваць. Гэта паказвае, што ў прынцыпе ўсё беларускае грамадства, нягледзячы на магутныя рэпрэсіўныя меры, якія ўжываліся цягам першых дзён пратэстаў, усё больш актыўна выступаюць супраць цяперашняй улады”, - кажа польскі палітык.
Ён дадае, што калі ў Беларусі маюць адбывацца пастаянныя змены, то Еўрапейскі Саюз не можа абмежавацца ўвядзеннем санкцый без прадстаўлення рэальнай прапановы, якая дасць беларусам альтэрнатыву супрацы з Расіяй.
„Ужо сёння ў Беларусі павінна быць альтэрнатыва магчымасці рэальнага супрацоўніцтва з краінамі ЕС, асабліва ў галіне эканомікі і энергетыкі. Гэтыя дзеянні на працягу многіх месяцаў падымаліся, між іншым, польскай і амерыканскай дыпламатыямі, таму ёсць на чым будаваць. Цяпер сітуацыя стала больш складанай, але калі Еўрапейскі Саюз плануе дапамагчы ў вырашэнні крызісу, то Беларусь павінна ведаць, што можа выбраць іншы шлях, і гэтая прапанова знаходзіцца на стале”, - лічыць Яблонскі.
Паводле яго, важна, каб рэакцыя еўрапейскай супольнасці была неадкладная. Калі ўсё выйдзе з-пад кантролю, перамовы будуць яшчэ больш складанымі. Нельга чакаць паўтору падзеяў, якія адбыліся ва Украіне.
„Мы(Польшча – рэд.) будзем аказваць ціск, але спадзяемся, што Еўрасаюз будзе рабіць гэта ў аднолькавай ступені. Гэты ціск павінен быць дастаткова паслядоўным, каб пераканаць Лукашэнку да мірнага вырашэння канфлікту і дыялогу. Ціск адной ці некалькіх краін недастатковы. У гэтым павінен салідарна ўдзельнічаць увесь Еўрасаюз. Безумоўна, рана казаць пра тое, хто будзе пасярэднікам у перамовах, і гэта цяпер другаснае пытанне. Калі зацікаўленыя бакі хочуць, Польшча гатовая далучыцца да гэтага працэсу”, - заявіў віцэ-міністр МЗС Польшчы Павел Яблонскі у інтэрв’ю выданню Dziennik Gazeta Prawna.
аз