Тыднёвае выданне Polityka далучаецца да шэрагу СМІ, якія закранаюць беларускую тэматыку. У часопісе надрукаваны артыкул пра працэс нараджэння беларускай нацыі, між іншым, станаўлення статусу беларускай мовы. Аўтар піша, што па Беларусі ходзіць анекдот: калі ў 70-ыя гады хтосьці на вуліцы ў Мінску размаўляў па-беларуску, ён без сумнення быў калгаснікам або вяскоўцам, які прыехаў на экскурсію ў горад. Калі ж у 21-ым стагоддзі нехта гаворыць на беларускай мове, гэта або інтэлектуал, або апазіцыянер.
Працэс станаўлення беларускай нацыі працягваўся ў Беларусі даўжэй, чым у іншых народаў гэтага рэгіёну. У другой палове 19-га і першай палове 20-га стагоддзя не было шырокай праслойкі грамадства, якая магла б быць носьбітам сучаснай нацыянальнай свядомасці. Канец 80-ых гадоў мінулага веку прынёс развіццё нацыянальнай культуры, самым яркім прадстаўніком якой з’яўляецца Зянон Пазняк, які першым пачаў казаць пра масавыя пахаванні ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Курапатах.
У 1991 годзе Беларусь стала незалежнай, але нацыянальнае адраджэнне закончылася паразай свядомай эліты, у вялікай ступені ў выніку эканамічных праблем. Калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка, пачалося вяртанне да савецкай сімволікі і ментальнасці. Але час прынёс перамены ў ментальнасці маладога пакалення. Менавіта моладзь ладзіла і ладзіць пратэсты пасля чарговых выбараў прэзідэнта, выходзіць на плошчу, аднак кожны раз пратэсты не мелі дастаткова вялікай грамадскай падтрымкі.
Цяперашнія пратэсты карыстаюцца большай падтрымкай, хаця далей невядома, да чаго яны давядуць. Тым не менш, яны сталі ўжо вельмі важным этапам фармавання беларускай свядомасці. У часы кіравання Лукашэнкі выраслі два пакаленні, для якіх суверэнная дзяржава з’яўляецца элементарнай справай, а савецкая спадчына – чымсьці анахранічным.
нг