81 год таму нападзеннем гітлераўскай Германіі на Польшчу пачалася Другая сусветная вайна. Гэта быў найбуйнейшы ўзброены канфлікт у гісторыі, які працягваўся 6 гадоў і забраў мільёны жыццяў.
„1 верасня і Вестэрплатэ - гэта перасцярога для Польшчы і ўсяго свету ад паўтору ваенных злачынстваў”, - заявіў Анджэй Дуда падчас цырымоніі ў памяць аб гераічных абаронцах Айчыны. Прэзідэнт падкрэсліў, што дзякуючы іх ахвярнасці і непахісным адносінам Польшча выжыла і сёння можа працягваць развівацца ў годнай і справядлівай форме:
- Мы будуем Польшчу, такую, якой яна павінна быць. Польшчу, якая знаходзіць сваіх герояў і ўмее ўшанаваць іх памяць. Хай Вестэрплатэ будзе з аднаго боку месцам, якім мы можам ганарыцца, а з другога – перасцярогай для свету. Каб ніколі больш не было такіх імперыяльных замашак, каб ніколі больш не было вайны.
Прэзідэнт Анджэй Дуда
Падчас урачыстасці на Вестэрплатэ прэзідэнт Анджэй Дуда ўручыў ідэнтыфікацыйныя пасведчанні сем'ям пяці жаўнераў, парэшткі якіх былі знойдзеныя ў мінулым годзе ў часе археалагічных раскопак на Вестэрплатэ.
Звяртаючыся да сем'яў загінуўшых жаўнераў прэзідэнт Анджэй Дуда спаслаўся на словы польскага гімна:
- З вялікім узрушэннем я спяваў разам з усімі, а перш за ўсё з прысутнымі тут жаўнерамі наш гімн і словы: „Яшчэ Польшча не загінула, пакуль мы жывем”. У кантэксце апошніх археалагічных знаходак гэтыя словы атрымліваюць асаблівае значэнне. Тым больш асаблівае, калі спяваюць іх польскія жаўнеры ў свабоднай, незалежнай і суверэннай Польшчы, ушаноўваючы памяць сваіх папярэднікаў, якія загінулі змагаючыся за Айчыну.
Mіністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак.
Пра мужнасць і адвагу польскіх жаўнераў казаў таксама міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак (Mariusz Błaszczak):
- Мы іх ушаноўваем. Мы паказваем, што яны - узор для сучасных жаўнераў Войска Польскага. Вестэрплатэ – гэта рэдут польскасці. Гэта важны ўрок патрыятызму і ахвяравання сабой.
Мерапрыемства на Ветэрплатэ пачалося ўскладаннем кветак да Помніка абаронцам узбярэжжа. Незадоўга да 4.45 прагудзелі сірэны, якія нагадвалі пра напад Германіі на Гданьскі паўвостраў. Падчас цырымоніі жаўнеры Войска Польскага прачыталі Адозву памяці і далі гарматны салют.
Сёлета ўпершыню мерапрыемства ў гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны арганізавала Войска Польскае, а не як да гэтай пары ўлады Гданьска.
У сваю чаргу памяць аб першых грамадзянскіх ахвярах Другой сусветнай вайны ўшанавалі ў гарадку Велюнь (Wieluń) у Лодзінскім ваяводстве. 1 верасня 1939 года на гэты горад упалі першыя нямецкія бомбы.
Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі, Велюнь.
У цырымоніі прынялі ўдзел прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі(Mateusz Morawiecki), прадстаўнікі гарадскіх уладаў і жыхароў гарадка. Як 81 год таму, таксама сёння а 4.40 у Велуні загудзелі сірэны.
Матэвуш Маравецкі заявіў, што Велюнь – гэта першая ахвяра нямецкага плану генацыду:
- Чаму менавіта гэты бездапаможны горад - без танкаў, зброі, без стратэгічнага значэння, стаў ахвяраў нямецкіх удараў. 380 бомбаў, агульнай вагой у 46 тонаў, упалі на Велюнь забіваючы больш за тысячу чалавек. На гэтае пытанне цяжка адказаць з пункту гледжання ваеннай стратэгіі, паколькі гэта не была звычайная вайна. Тут, у Велюні, упершыню быў рэалізаваны варварскі нямецкі план генацыду і вынішчэння.
На велюньскім рынку выступіў таксама часовы павераны ў справах Германіі ў Польшчы Кнут Абрагам(Knut Abraham). Дыпламат гаварыў пра тое, што яму цяжка быць тут 1 верасня, у гадавіну пачатку Другой сусветнай вайны:
- Я думаю пра ўсіх гэтых людзей, якіх атакавалі з паветра без ніякага папярэджання. Яны былі параненыя, былі забітыя. Цяжка тут быць, паколькі я ўяўляю сабе пілотаў, жаўнераў і афіцэраў, якія адказваюць за атаку на гэты бездапаможны горад. Гэта ж былі немцы, як я.
„1 верасня 1939 года для палякаў скончылася незалежная дзяржава”, - тлумачыць старшыня Інстытута нацыянальнай памяці. Яраслаў Шарэк (Jarosław Szarek) кажа, што ў верасні 1939 года на самой справе адбыўся чацвёрты падзел Польшчы:
- Нямецкае наступленне, а 17 дзён пазней наступленне саветаў з Усходу. Дзве таталітарныя імперыі, дарэчы, нашыя суседзі падзялілі паміж сабой тэрыторыю Польшчы і дамовіліся задушыць усе намаганні палякаў вярнуць незалежнасць. Гэта адбываецца страшным чынам. Яны забіваюць польскія эліты ўжо з першага дня. Асаблівы ўдар наносяць па інтэлігенцыі – па дзяржаватворчых элітах. Тое ж самае робяць саветы.
Нагадваем, неўзабаве пасля нападу Трэцяга Рэйху, 17 верасня 1939 года, на ўсходнія тэрыторыі Польшчы напала Чырвоная армія. Такім чынам, былі рэалізаваныя палажэнні сакрэтнага пратакола нямецка-савецкага пакта Рыбентропа-Молатава.
Cтаршыня Інстытута нацыянальнай памяці Яраслаў Шарэк.
Яраслаў Шарэк нагадвае, што Польшча ўсё яшчэ адчувае страты, якія яна панесла падчас Другой сусветнай вайны:
- Гаворка ідзе пра велізарныя матэрыяльныя, культурныя і чалавечыя страты. Было вынішчанае найбольш прыгожае польскае пакаленне – раўнагодкі незалежнай Польшчы. Для іх вайна была сур’ёзным экзаменам, які, дарэчы, яны здалі на выдатна.
Другая сусветная вайна пачалася з нападу нацысцкай Германіі на Польшчу і хутка ахапіла амаль увесь свет. Яна азначала смерць больш за 60 мільёнаў чалавек, нямецкія канцэнтрацыйныя лагеры і Галакост, жорсткасць у адносінах да мірнага насельніцтва, масавыя расстрэлы і наўмыснае знішчэнне культурных каштоўнасцяў.
У канфлікце ўдзельнічала 61 краіна і ў рознай форме больш за 1 мільярд 700 мільёнаў чалавек. Палякі ваявалі на ўсіх франтах канфлікту.
Палякі адзначаюць 81-ю гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны, Вестэрплатэ.
8 траўня 1945 года Трэці Рэйх падпісаў акт аб безумоўнай капітуляцыі. Заканчэнне ваенных дзеянняў было прызначана на 23.01. Прэзідэнт ЗША Гары Труман і прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Уінстан Чэрчыль абвясцілі гэты дзень Днём Перамогі ў Еўропе.
Аднак, для многіх еўрапейскіх краін, уключаючы Польшчу, канец вайны не азначаў поўнай свабоды і суверэнітэту. Панаванне Савецкага Саюза і фарміраванне блока камуністычных дзяржаў адабралі ў іх свабоду развіцця.
Палякі адзначаюць 81-ю гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны, Вестэрплатэ.
Палітычны падзел Еўропы на заходні і ўсходні блок, створаны пасля Ялцінскай канферэнцыі ў 1945 годзе, даў пачатак „халоднай вайне” і гонцы ўзбраенняў. Краіны ўсходняга блока заставаліся ў арбіце савецкага ўплыву амаль 50 гадоў.
Карта кантынента змянілася пасля 1989 года, калі ў Польшчы ўпаў камунізм і Еўропу ахапіла хваля дэмакратычных змен. Савецкі Саюз афіцыйна распаўся ў снежні 1991 года.
аз