Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларуская сімволіка папулярызуецца дзякуючы пратэстам

16.10.2020 17:26
Услед за беларускай сімволікай развіваецца мастацтва, мова і грамадзянская супольнасць.
Аўдыё
  • татуіроўка з нацыянальным арнаментам, сучаснае мастацтва і павелічэнне беларускіх школаў - вынікі ўзвышэння беларускай народнай сімволікі.
Беларуская сімволіка прысутнічае на кожнай акцыі пратэстуфота: Альберт Ежы Вяжбіцкі

Яшчэ некалькі год таму за бел-чырвона-белую сімволіку можна было трапіць пад арышт. І сітуацыя не змянілася ў выбарчы перыяд лёсавызначальнага 2020 года, аднак зараз хадзіць з б-ч-б, не толькі на пратэстах, але і штодзённа - гэта гонар і пашана ў вачах іншых суграмадзян. Напэўна, мала хто чакаў справядлівых выбараў, вядома было, што ўлады давядуць грамадства да пратэстных настрояў, аднак, яшчэ ў ліпені цяжка было вызначыць, што сапраўды аб'яднае людзей. Мы можам казаць пра ўзбуджэнне народнай сімволікі нанова, а яе папулярнасць і свядомасць яе гістарычнай вартасці ўсё расце. Як лічыць мастачка Яна Шостак – гэта пазітыўная з’ява, якая пабуджае як гармадзянскую супольнасць, так і мастакоў:

-Я вельмі рада, што стварыўся такі рух як культпратэст, у якім знаходзіцца не толькі народная сімволіка, але і сучаснае мастацтва і беларуская сімволіка перароблена ў сучаснае мастацтва. Адна з такіх выставак была праведзеная ў Берліне і нават Святлана Ціханоўская прыехала туды пры нагодзе. Таму гэтая культурная частка вельмі важная ў працэсе эвалюцыі нашай нацыі. Увогуле мне вельмі важна, калі на пратэстах ёсць усе сімволікі на раз, каб не было падзелу, таму што выкарыстанне толькі адной сімволікі - небяспечная рэч. Гэта можа раздзеляць людзей. Хаця я маю на балконе бчб сцяг і маю надзею, што ён вернецца як сцяг, які належыць нам, беларусам.

За гэты час паявілася таксама мода на татуіроўкі з народнай сімволікай – арнамент, бчб, Пагоня – гэта некаторыя з узораў, якія сёння выбіраюць беларусы на памяць пра гэты лёсавызначальны год. Тым часам у Варшаве арганізуецца акцыя падтрымкі беларусаў, звязаная менавіта з татуіроўкай. Azazel Studio запрашае ўсіх жадаючых і неабыякавых да беларускіх падзеяў людзей зрабіць сабе тату ў рамках акцыі «Татуіроўкі ў добрай справе». Адкуль ідэя і якім чынам дзякуючы ёй можна будзе падтрымаць мірны пратэст, нам расказала Анна са студыі Azazel:

-Мы ведаем шмат пра сітуацыю ў Беларусі, таму што ў нашай сетцы працуюць беларусы. Таму мы трохі бліжэй да таго, што адбываецца. Нашыя калегі распавядаюць і паказваюць тое, што зараз адбываецца ў іх роднай краіне, і гэта вельмі жахліва, аж верыць не хочацца. Таму мы запрашаем усіх ахвотных прыйсці на нашую акцыю, пра якую мы інфармуем у сваім фейсбуку. Можна будзе выбраць татуіроўку і зрабіць яе, аплаціўшы выключна матэрыялы, усе дадатковыя грошы пойдуць на фонд BYSol, які дапамагае пацярпелым у пратэстах і іх семʼям. Мы хочам, каб тыя, хто страціў працу, або калі карміцель сям’і знаходзіцца ў арышце, людзі мелі за што жыць.

Нацыянальныя сімвалы ў постаці татуіровак гэта мода, якая ў Польшчы існуе ўжо з даўніх часоў. Аднак, яна выклікае шмат сумневаў, паколькі «патрыятычныя» татуіроўкі носяць перадусім людзі з радыкальна правымі поглядамі. Цяперашняя сітуацыя ў Беларусі выглядае трошкі інакш, кажа наша суразмоўца:

-Я б гэтага не называла модай. У Польшчы гэта якраз мода, што хтосьці робіць сабе «знак Польшчы, што змагаецца», часта не разумеючы, чаго ён на самой справе тычыцца, якіх падзеяў. А беларуская народная сімволіка яшчэ нейкі час таму не ўспрымаліся пазітыўна, за яе каралі, а людзей называлі фашыстамі. Зараз гэта змяняецца.

Варта таксама заўважыць, што зварот да беларускай народнай сімволікі нясе за сабой і вяртанне да роднай мовы. Беларусы карыстаюцца лозунгамі, якія раней былі на акцыях гэтак званай старой апазіцыі (БНФ, БХД, Грамада). І нягледзячы на факт, што большасць грамадства, у тым ліку і значная частка лідараў, рускамоўная, пратэст ужо спрычыняецца да папулярызацыі мовы – лічыць Алег Трусаў з Таварыства беларускай мовы.

-Людзі з кожным днём самі прыходзяць да мовы. Паглядзіце на лозунгі, яны ў асноўным беларускамоўныя: "Верым, можам, пераможам", "Сыходзь", "Жыве Беларусь". Самае галоўнае гэта то, ш то на першае месца выйшла сімволіка, а яна цягне за сабой аўтаматычна мову. Таму калі зараз пераможа беларуская рэвалюцыя то колькасць беларускамоўных школ і ўніверсітэтаў павялічыцца, хто б не стаў прэзідэнтам.

Зварот да традыцыйнага сцяга і гербу - гэта працэс, які быў непазбежным. І прапаганда на БТ ці ў дзяржаўных СМІ, якая спрабуе павязаць бел-чырвона-белую сімволіку з фашызмам і знішчэннем беларускага народа ў часы Другой сусветнай вайны, няўдалая. Гэта відаць хаця б на штонядзельных маршах, якія праходзяць у Беларусі, але таксама ў інтэрнэт-прасторы і на міжнародным узроўні, дзе свабодны і свядомы беларускі народ асацыюецца з бчб-сцягам і Пагоняй.

Слухайце аўдыёфайл

Альберт Ежы Вяжбіцкі